Беларуская Служба

Па крымінальнай справе затрыманая праваабаронца, якая зладзіла выставу пра хворых на каранавірус

09.04.2021 08:14
8 красавіка адбыліся адміністрацыйныя суды над усімі затрыманымі актывісткамі «Звяна».
Таццяна Гацурафота: сацсеткі

Праваабаронца і дырэктар асветніцка-сацыяльнага грамадскага аб'яднання «Звяно» Таццяна Гацура-Яворская затрыманая як падазраваная ў крымінальнай справе. Пра гэта паведаміў яе муж Уладзімір Яворскі.

Паводле яго слоў, 8 красавіка адбыліся адміністрацыйныя суды над усімі затрыманымі актывісткамі «Звяна» – адну пакаралі штрафам і адпусцілі, яшчэ трое атрымалі па сем сутак. Усіх прызналі вінаватымі ў непадпарадкаванні супрацоўніку праваахоўных органаў.

«Таццяне таксама далі штраф у памеры 50 базавых. Мы чакалі каля ізалятара, што яе адпусцяць, але ў выніку адвакат сказала, што Таццяна затрыманая па крымінальнай справе», – распавёў Яворскі.

6 красавіка ў офісе і дома ў Гацуры-Яварскай прайшоў ператрус у рамках расследавання крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Па словах яе мужа, у пастанове на ператрус была паказаная ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках).

Пасля ператрусу Гацуру-Яварскую, а таксама актывістак «Звяна», у тым ліку Наталлю Трэніну і Юлію Сяменчанку, даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна ў Мінску.

Таццяна Гацура-Яворская і Наталля Трэніна зладзілі выставу «Машына дыхае, а я – не», прысвечаную беларускім лекарам, што змагаюцца з каранавірусам і палітызацыі сістэмы аховы здароўя. Аўтары работ, прадстаўленых на выставе, – вядомыя фатографы і мастакі.

Выстава адкрылася 30 сакавіка ў event-прасторы «Месца» у доме на вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску і павінна была завяршыцца 17 красавіка, аднак 1 красавіка прадстаўнікі санстанцыі і МНС заявілі аб парушэннях і загадалі зачыніць памяшканне.

нг