Беларуская Служба

Памёр саліст «Песняроў» Леанід Барткевіч

13.04.2021 11:31
Яму быў 71 год.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnePhoto:webandi/pixabay.com/CC0 Public Domain

Памёр саліст «Песняроў» Леанід Барткевіч. Пра смерць знакамітага выканаўцы паведаміла ў фэйсбуку спявачка Ірына Відава. Артыстка напісала, што не стала Леаніда Барткевіча ў аўторак. Яму быў 71 год.

Леанід Леанідавіч Барткевіч нарадзіўся 25 мая 1949 года ў Мінску. У дзяцінстве быў салістам у хоры хлапцоў Мінскага палаца піянераў. Пасля сканчэння музычнай школы па класе трубы быў салістам харавога ансамбля «Юнацтва» пры Мінскай кансерваторыі.

Адукацыю атрымаў у Мінскім архітэктурным тэхнікуме па спецыяльнасці «Праектаванне». Пад час навучання ў тэхнікуме быў салістам мясцовага аркестру, у далейшым стаў вакалістам створанага ім вакальна-інструментальнага ансамбля «Залатыя яблыкі».

Некаторы час працаваў архітэктарам у «Белгіпрасельбудзе». З 1970 года ўвайшоў у склад вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры».

У 1977 годзе Барткевіч развёўся з першай жонкай і ажаніўся з Вольгай Корбут, вядомай савецкай гімнасткай.

У 1980 годзе Барткевіч пакідае «Песняры», і паступае ў ГІТІС на рэжысёрскае аддзяленне.

Некаторы час быў удзельнікам ансамбля «Мальвы», а таксама працаваў салістам ва «Укрканцэрце». Потым быў вакалістам Дзяржаўнага радыё і тэлебачання СССР.

У 1991 годзе разам з жонкай і сынам эміграваў у ЗША, але ў 2000 годзе вярнуўся ў Беларусь і зноў некаторы час працаваў у «Песнярах». Пасля смерці Уладзіміра Мулявіна, Барткевіч арганізаваў у Расіі музычны калектыў з назвай «ансамбль «Песняры«», зарэгістраваўшы аднайменную гандлёвую марку.

Напісаў біяграфічную кнігу ««Песняры« и Ольга» (2003).

Быў каталіком паводле веравызнання.

Вікіпедыя/нг