Беларуская Служба

Затрыманым па справе аб замаху на Лукашэнку пагражае да 12 гадоў турмы

19.04.2021 08:48
Распачатая крымінальная справа на падставе арт. 357 КК — гэта змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Zolnierek
Затрыманым па справе аб узброеным мяцяжы і замаху на Аляксандра Лукашэнку і яго сям`ю пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі, заявіў у эфіры праграмы "Контуры" на тэлеканале ОНТ 18 красавіка начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак - паведаміляе БелаПАН.

"Распачатая крымінальная справа на падставе арт. 357 КК — гэта змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Такіх спраў у гісторыі суверэннай Беларусі не было. Санкцыя часткі першай гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў", — сказаў Бычак.
На яго сцвярджэнне, затрыманыя па справе супрацоўнічаюць са следствам, даюць прызнальныя паказанні. КДБ падрыхтаваў "запыты ў кампетэнтныя ўстановы юстыцыі замежных дзяржаў аб аказанні прававой дапамогі пры расследаванні гэтай крымінальнай справы".

17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне групы, якая планавала замах на яго і яго дзяцей, і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. "Мы выявілі працу відавочна замежных спецслужбаў, хутчэй за ўсё, Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення, ФБР, не ведаю, хто там з амерыканцаў працаваў. Мы выявілі іх жаданне з`явіцца ў Мінск і ўжо заняцца арганізацыяй замаху на жыццё прэзідэнта і дзяцей", — сказаў Лукашэнка падчас падыходу да пулу сваіх журналістаў на суботніку.

Ён паведаміў, што ўлады па "каналах адпаведных папярэдзілі і Расію, і іншых, каб былі ў тэме, не дай бог, адказ будзе вельмі жорсткім".

"Мы іх захапілі ў Маскве, яны пабаяліся [прыехаць у Мінск]. З ЗША прыляцелі — агентура. Прозвішча яго — нейкі Зянковіч (адвакат Юрый Зянковіч. — БелаПАН.). Яны пабаяліся сюды ехаць пасля таго, як мы затрымалі некалькі груп, якія сюды зброю звезлі, ужо ў тайнікі схавалі. Яны з`ехалі ў Маскву. І хто там яшчэ? Наш быў гэты — Фядута (паліттэхнолаг, першы прэс-сакратар Лукашэнкі Аляксандр Фядута. — БелаПАН.). Потым сталі шырэй глядзець: Кастусёў (Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ. — БелаПАН.) з`явіўся там", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, следам быў зварот да прэзідэнта і кіраўніка ФСБ Расіі. "І мы іх там узялі. Выехала наша група — 11 або 12 чалавек — група захопу", — дадаў ён.

Лукашэнка папярэдзіў тых, хто, на яго думку, хоча нашкодзіць яго дзецям: "Не дай бог яны дакрануцца да маіх дзяцей, якія наогул не маюць дачынення да гэтага! Не дай бог, не толькі да маіх, але і да вашых! Гэта будзе, вось проста скажу, гэта будзе страшная разня".

"Разумееце, я трываў, усё чакаў, "чырвоныя лініі" маляваў для сябе, адсоўваў. А зараз мы іх будзем мачыць так, што ім мала не падасца", — прыгразіў Лукашэнка.

"Мяне здзіўляе іншае: чаму амерыканцы сябе так паводзяць? Бо паставіць задачу ліквідаваць прэзідэнта, запомніце, не можа ніхто даць згоду, акрамя вышэйшага палітычнага кіраўніцтва. Толькі яны, ніякія спецслужбы, толькі яны", — лічыць Лукашэнка.

"Я скажу больш. Я ўдзячны Пуціну. Калі ён размаўляў з [прэзідэнтам ЗША Джо] Байдэнам, ён яму задаў гэтае пытанне. Булькатанне — і ніводнага адказу! Уладзімір Уладзіміравіч мне патэлефанаваў, пра гэта сказаў, калі я з Азербайджана прыбыў", — сказаў Лукашэнка.

нг