Беларуская Служба

Раніцай 21 красавіка ў Мінску заўважылі актыўнасць сілавікоў

21.04.2021 12:30
21 красавіка ў Беларусі не чакалася ніякіх пратэставых акцыяў.
OMON
OMONPAP/Natalia Fedosenko

Людзі паведамляюць пра дзясяткі людзей са шчытамі ў раёне аднаго з факультэтаў Акадэміі МУС на вуліцы Філімонава.

Назіраюцца калоны вайсковых машын, пастраенні байцоў са шчытамі, перамяшчэнні спецтэхнікі, піша «Наша Ніва».
«Толькі што калона з 6 доўгіх аўтобусаў прайшла ў бок Уручча ад Акадэміі МУС, усе пасажыры ў баявых камплектах, вокны шмат дзе завешаныя», – паведамляюць чытачы выдання.

«Сёння а 9 гадзіне вялікая калона ехала з Маякоўскага на ўнутранае кола МКАД. Грузавыя машыны і аўтобусы з салдатамі і меншыя машыны».
«Па трасе Мінск – Маладзечна таксама калона ваенных машын, міліцыі, прычэпы з бухтамі калючага дроту».

У чаце мікрараёну Новая Баравая таксама паведамляюць пра актыўнасць сілавікоў. Пра перасоўванні паведамляюць і тэлеграм-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі.

21 красавіка ў Беларусі не чакалася ніякіх пратэставых акцыяў. Разам з тым у суседняй Расеі заклікалі выйсці на вуліцы прыхільнікі Аляксея Навальнага. Таксама існуюць падазрэнні, што Уладзімір Пуцін сёння можа абвесціць пра інтэграцыю з Беларуссю, – мяркуе Белсат.
яс