Сёння Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) прыняла дзве рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі. Штаб Святланы Ціханоўскай патлумачыў аб чым гэтыя рэзалюцыі і якім чынам яны дапамагаюць беларусам
Рэзалюцыя 1. Аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі
У гэтай рэзалюцыі падкрэсліваецца, што «мірныя пратэсты пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году былі жорстка здушаныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, а многія пратэстоўцы былі арыштаваныя і зазналі катаванні». Рэзалюцыя адзначае, што асобы, якія маюць дачыненне да падобных парушэнняў правоў чалавека, не былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.
Рэзалюцыя заклікае:
Улады Беларусі павінны ўступіць у дыялог з народам; дыялог «з'яўляецца адзіным шляхам да спынення гвалту і парушэнняў і правоў чалавека і правесці новыя дэмакратычныя выбары, каб выйсці з палітычнага крызісу».
Вызваліць усіх палітвязняў, неадкладна спыніць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне з апанентамі рэжыму.
Завесці крымінальныя справы супраць тых, хто ўчыняе злачынствы супраць беларускага народу.
Рэзалюцыя 2. Аб тэрміновай рэформе выбарчай сістэмы ў Беларусі
У рэзалюцыі «Тэрміновая неабходнасць рэформы выбарчай сістэмы ў Беларусі» адзначаецца, што сістэма правядзення выбараў у Беларусі «стала асноўным фактарам цяперашняга палітычнага, эканамічнага і праваабарончага крызісу».
Рэзалюцыя заклікае:
Усебаковая рэформа выбараў у Беларусі павінна прывесці выбарчыя законы і практыку ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.
Рэформа павінна гарантаваць незалежнасць і бесстароннасць выбарчых камісій, стварыць адзіны публічны рэестр выбаршчыкаў, адрэгуляваць датэрміновае галасаванне, забяспечыць празрыстасць падліку галасоў, дазволіць мясцовае і міжнароднае назіранне, усталяваць выразныя і менш жорсткія крытэрыі для рэгістрацыі кандыдатаў, забяспечыць магчымасць судовага абскарджання ўсіх рашэнняў камісій.
ПАРЕ ўлічвае, што многія беларускія і міжнародныя структуры заклікаюць да правядзення датэрміновых выбараў на базе існага выбарчага заканадаўства, і падкрэслівае, што «такія выбары могуць быць прызнаныя дастаткова свабоднымі і справядлівымі, толькі калі незалежная і бесстаронная ЦВК зможа ўвасобіць у жыццё як мага больш з пералічаных вышэй патрабаванняў, а мясцовыя і міжнародныя назіральнікі змогуць назіраць за ўсім выбарчым працэсам».
Рэзалюцыя таксама заклікае «ўлады Беларусі і ўсе зацікаўленыя бакі тэрмінова правесці шырокі дыялог, каб забяспечыць мірны выхад з крызісу».