Жыхар вёскі Бігосава Верхнядзвінскага раёну Віцебскай вобласці даслаў у Гродзенскі гарвыканкам ліст у якім пытаецца – чаму рэалізоўваюцца тавары з незарэгістраванай «акупацыйнай бел-чырвона-белай сімволікай» у краме па адрасе Кірава, 3?
Па адрасу Кірава, 3 у Гродне знаходзіцца крама сувеніраў з нацыянальнай сімволікай «Адметнасць».
У краму з аддзелу гандлю гарвыканкаму даслалі запыт на гэты конт.
Гаспадыня крамы Вольга Верамейчык кажа, што больш дзіўных запытаў яны ніколі не атрымлівалі і наагул з гэтага ліста не разумее – чаго чалавек хоча.
«З якога кераляку ён вырашыў, што бел-чырвона-белая сімволіка акупацыйная? І яшчэ – нацысцка-пратэстная. Адкуль ён гэта ўзяў? Я папросту не разумею».
Спадарыня Вольга кажа, што давядзецца напісаць чалавеку ўсю гісторыю з’яўлення бел-чырвона-белай сімволікі ў беларускай гісторыі.
Проста, паводле яе, крыўдна, што за 30 гадоў незалежнасці некаторыя людзі дагэтуль так і не ведаюць аб паходжанні сваёй нацыянальнай сімволікі.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ