Беларуская Служба

Рэдактара баранавіцкай газеты 4 гадзіны апытвалі ў пастарунку за інтэрв'ю з Ціханоўскай

22.04.2021 12:03
Яму пагражае крымінальная справа.
Dostęp do informacji nie powinien być blokowany
Dostęp do informacji nie powinien być blokowanyPixabay

Чатыры з паловай гадзіны доўжылася апытанне галоўнага рэдактара баранавіцкай незалежнай газеты Intex-press Уладзімера Янукевіча ў Баранавіцкім гарадскім аддзеле ўнутраных спраў, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

На яго склалі два адміністрацыйныя пратаколы і пачалі праверку для завядзення крымінальнай справы. Прычына – інтэрвʼю з Святланай Ціханоўскай, апублікаванае 14 красавіка.

Адміністрацыйныя пратаколы склалі за парушэнне заканадаўства аб СМІ – адзін на выдавецкі дом «Інтэкс-прэс», другі – на Янукевіча як індывідуальнага прадпрымальніка, якому належыць сайт intex-press.by.

Міліцыянты вырашаюць, ці не завесці яшчэ крымінальную справу паводле артыкулу «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на ўчыненне шкоды нацыянальнай бяспецы».

«Цяпер кожнаму незалежнаму журналісту ў Беларусі пагражае крымінальная справа», – каментуе намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі Журналістаў БАЖ Барыс Гарэцкі.

- Усё, што цяпер адбываецца ў Беларусі вельмі добра паказвае настрой улады расправіцца з няўгоднымі медыямі і журналістамі. Калі ты крыху больш сабе дазваляеш, то чакай расправы, чакай адказу. Вось і тое адбылося з «Інтэкс-прэс». Яны нічога не парушылі, яны ў межах заканадаўства зрабілі інтэрвʼю.

У міліцыю выклікаюць таксама Людмілу Сцяцко, якая зрабіла інтэрвʼю з Ціханоўскай.

яс/паводле Свабоды