Беларуская Служба

Латушка заклікае Ціханоўскую ўступіць на пасаду прэзідэнта Беларусі

22.04.2021 12:30
Напярэдадні візіту Лукашэнкі ў Маскву Павел Латушка заклікаў Святлану Ціханоўскую ўступіць на пасаду прэзідэнта, каб не дапусьціць здачы Лукашэнкам суверэнітэту Беларусі.
Святлана Ціханоўскаяtsikhanouskaya.org

У Маскве сустракаюцца сёння Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.
Напярэдадні гэтага візіту ў эфіры Свабоды Павел Латушка заклікаў Святлану Ціханоўскую ўступіць на пасаду прэзідэнта, каб не дапусціць здачы Лукашэнкам суверэнітэту Беларусі.

Сябра прэзідыюму Каардынацыйнай рады, лідар Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка выступіў з інфармацыяй пра шэраг дамоваў, якія будуць прынятыя, паводле ягоных крыніц: расейская вайсковая база, увод расейскага вайсковага кантынгенту ў Беларусь, дамова аб увядзенні расейскага рубля.

Каб запабегчы страты незалежнасці, Павел Латушка заклікаў Святлану Ціханоўскую, як абранага народам лідара, уступіць на пасаду прэзідэнта Беларусі, правесці інаўгурацыю, прымаць рашэнні як легітымны і дамоваздольны кіраўнік Беларусі.

- Зыходзячы з таго, што абраным лідарам Беларусі з'яўляецца Святлана Ціханоўская, і гэта прызнана шмат якімі краінамі, мы павінны зноў паставіць пытанне і звярнуцца да Святланы Ціханоўскай, каб яна ўступіла ў пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, правяла інаўгурацыю ў якасці прэзідэнта краіны, стварыла ўрад Беларусі, разам з якім яны будуць легітымнымі прадстаўнікамі Рэспублікі Беларусь.

Зразумела, што рэалізацыя гэтых функцый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь будзе даволі абмежаваная, але гэта дае нам даволі важкі інструмент уплыву на міжнародны парадак дня падчас нашых размоваў з міжнароднымі партнёрамі. Гэта дае нам магчымасць блакаваць усе захады нелегітымнага рэжыму ў вырашэнні замежнапалітычных пытанняў, і ў перспектыве стварае магчымасць вельмі хуткай і рэальнай перадачы ўлады беларускім народам менавіта легітымным прадстаўнікам Беларусі – прэзідэнту і ўраду.

Паволе Свабоды/яс