Беларуская Служба

Дзяржаўны доўг Беларусі вырас да амаль 60 млрд рублёў

30.04.2021 15:20
У 2020 годзе дзярждоўг Беларусі павялічыўся на 13 млрд рублёў, або на 29%.
Беларускія рубліMaryna_Shyshlo/pixabay.com/CC0
Дзяржаўны доўг Беларусі ў студзені—сакавіку 2021 года павялічыўся на 1,5 млрд рублёў, або на 2,7%, і на 1 красавіка склаў 59,3 млрд рублёў, або 37,9% да ВУП, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Міністэрства фінансаў.

Знешні дзярждоўг склаў 18,1 млрд долараў ЗША і зменшыўся з пачатку года на 0,5 млрд долараў (з улікам курсавых розніц), або на 2,4%.

У студзені—сакавіку 2021 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на суму, эквівалентную 171,5 млн долараў ЗША: 122,7 млн долараў — урад Расійскай Федэрацыі; 40,3 млн долараў — МБРР; 8,3 млн долараў — Экспартна-імпартны банк Кітая; 0,2 млн долараў — ЕБРР і Паўночны інвестыцыйны банк.

Пагашэнне знешняга дзярждоўгу ў студзені—сакавіку склала 568,7 млн долараў ЗША: 242,7 млн долараў — урад і банкі Расіі; 189,9 млн долараў — банкі Кітая; 112,1 млн долараў — ЕФСР; 22,0 млн долараў — МБРР; 1,5 млн долараў — ЕБРР і ПІБ; 0,5 млн долараў — таварна-крэдытная карпарацыя ЗША.

Унутраны дзяржаўны доўг на 1 красавіка склаў 11,8 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 1,9 млрд рублёў (з улікам курсавых розніц), або на 19,1%.

Паводле звестак Мінфіна, у студзені—сакавіку размешчана ўнутраных валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 721,0 млн долараў ЗША. Кампенсавана валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму, эквівалентную 3,0 млн долараў.

Варта адзначыць, што за студзень 2021 года Мінфін прадаў валютных аблігацый на ўнутраным рынку больш, чым за ўвесь мінулы год. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гэта звязана з рэструктурызацыяй уладамі валютнага доўгу аднаго з буйных дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў. На думку фінансавых аналітыкаў, гэта мог быць Беларускі металургічны завод, а каштоўныя паперы выкупленыя беларускімі банкамі.

Нацыянальны банк не выключае, што рэструктурызацыя крэдытнай запазычанасці буйных прамысловых прадпрыемстваў можа прывесці да далейшага павелічэння ўнутранага дзярждоўгу ў Беларусі, паведаміў на прэс-канферэнцыі 15 красавіка намеснік старшыні праўлення банка Дзмітрый Калечыц.

"Сапраўды, рэструктурызацыя крэдытнай запазычанасці Беларускага металургічнага завода прывяла да некаторага росту ўнутранага дзярждоўгу. Што да гэтага года, у выпадку неабходнасці такія здзелкі магчымыя, калі яны будуць тычыцца стратэгічных прадпрыемстваў. Зразумела, што такія рашэнні будуць прымацца і кропкава", — сказаў Калечыц, адказваючы на пытанні БелаПАН.

Плацяжы па дзярждоўгу Беларусі ў 2021 годзе ацэньваюцца на ўзроўні 8 млрд рублёў, у тым ліку пагашэнне — 4,9 млрд рублёў, абслугоўванне — 3,1 млрд рублёў. З агульнага аб'ёму плацяжы ў замежнай валюце складуць 3 млрд долараў ЗША, у тым ліку пагашэнне дзярждоўгу — 1,9 млрд долараў, абслугоўванне — больш за 1,1 млрд долараў.

У 2020 годзе дзярждоўг Беларусі павялічыўся на 13 млрд рублёў, або на 29%, і на 1 студзеня 2021 года склаў 57,8 млрд рублёў, або 37,3% да ВУП.

Урад Беларусі ў 2021—2025 гадах мае намер утрымліваць узровень дзярждоўгу не больш за 40% да ВУП.

нг