Беларуская Служба

Следства ў «справе аб дзяржперавароце» працягнулі да кастрычніка

20.06.2021 10:21
Пра гэта напісаў родным адзін з фігурантаў крымінальнай справы – старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёўscreen/YouTube

Следства ў «справе аб дзяржперавароце» працягнулі да кастрычніка. Пра гэта напісаў родным адзін з фігурантаў крымінальнай справы – старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў. У лісце палітзняволены адзначыў, што «віны ў змове не прызнае», паведамляе «Свабода».

Акрамя Кастусёва абвінавачанымі ў справе «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» з'яўляюцца Аляксандр Фядута, Юры Зянковіч ды яшчэ шасцёра асобаў.

«11 чэрвеня мне ўручылі пастанову Генеральнай пракуратуры аб працягненні расследавання яшчэ на 4 месяцы, да 12 кастрычніка 2021 году», – напісаў у допісе палітык. Меру стрымання яму пакінулі без зменаў: на гэты час ён застаецца пад вартаю.

«Ня ведаю, што ім трэба, бо буду ў рэжыме чакання проста сядзець», – абураецца Кастусёў. – Баяцца, што я збягу за мяжу, або паўплываю на хаду следства. Абсурд ды і толькі. Ня ведаю, што яны хочуць змяніць, бо віны ў змове я не прызнаю. БТ інтэрв’ю не даваў».

Дзяржаўныя тэлеканалы паказвалі ў эфіры фрагменты аператыўнай здымкі, на якіх Кастусёў нібыта прызнаваў віну.

У ранейшым лістах Рыгор Кастусёў пісаў, што ў расследаванні справы «няма ніякіх зрухаў, усё заціхла».
Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка. У ягонай кватэры дзеці прыкметаў ператрусу не заўважылі. На стале ляжала цыдулка з імёнамі, як яны мяркуюць, тых, хто яго затрымліваў.

У той жа дзень дачцэ Галіне следчы паведаміў, што бацька ў Мінску. 13 красавіка на лецішчы Галіны і ейнага мужа Дзмітрыя аператыўнікі правялі ператрус: забралі кампутары, кнігі, носьбіты інфармацыі ды страйкбольны аўтамат. У гэтым доме ладзіліся розныя імпрэзы з удзелам вядомых у Беларусі дзеячаў культуры і палітыкі.

аз