Фонд беларускай салідарнасці аб’явіў 1 траўня днём свабоднага спорту. Спартоўцы, якія падвергліся пераследу за свае погляды, пераконваюць, што грамадзянскую пазіцыю можна праяўляць займаючыся спортам і адмаўляючыся ад кепскіх звычак.
Здароўе – гэта самае каштоўнае, што ёсць у кожнага чалавека. Менавіта таму Фонд спартыўнай салідарнасці, прытрымліваючыся алімпійскай хартыі і асноўных прынцыпаў алімпізму, запусціў Агульнанацыянальную кампанію #Зборная Здаровага ладу жыцця. Старшыня фонду Аляксандра Герасіменя прапануе, каб субота 1 траўня стала днём, калі беларусы зробяць крок насустрач здароваму ладу жыцця:
-Беларусы, выходзім на вуліцы нашай цудоўнай краіны! Арганізуем дваравыя спаборніцтвы, спартыўныя гульні з дзецьмі, забегі і велапрабегі. Пастарайцеся заняцца спортам у любым месцы і ў любой сітуацыі: дома, на лецішчы, нават у турме. Памятайце, што нас шмат і што мы разам. Гэта наша краіна. Гэта нашы вуліцы. І мы самыя выбіраем, як нам клапаціцца пра сваё здароўе, падтрымліваць добрае самаадчуванне. Штодзённыя чэленджы, майстар-класы, нашыя нядзельныя зарадкі ўсёй краінай умацоўваюць нашу веру ў сябе, як нацыі, развіваюць волю, робяць нас мацнейшымі. Я аб’яўляю 1 траўня адзіным днём свабоднага спорту для цудоўных беларусаў.
Акцыя #Зборная Здаровага ладу жыцця была абвешчана 1 красавіка. Спачатку спартоўцы заклікалі адмовіцца ад кепскіх звычак – алкаголю і курэння. Акрамя здароўя ўвага звярталася на фінансавы аспект, калі даходы ад продажу гэтых тавараў папаўнялі бюджэт, а значыць і фінансавалі рэпрэсіі.
Выканаўчы дырэктар фонду Аляксандр Апейкін тлумачыў, чаму спартоўцы прапануюць пры дапамозе спорту выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю.
-Справа ў тым, што за апошнія 26 гадоў, за часы кіравання Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь пачала займаць першыя месцы ў сусветных рэйтынгах па колькасці спажывання алкаголю і табака на аднаго чалавека. У мінулым годзе Беларусь увогуле займала першае месца ў спажыванні алкаголю на душу насельніцтва. Паводле нас, палітыка па спайванні і па скурванні насельніцтва была мэтанакіраванай. Адурманеным чалавекам з дрэннымі звычкамі лягчэй кіраваць, яго лягчэй пераўтварыць у раба сістэмы, што ў прынцыпе і адбылося. Таму Фонд спартыўнай салідарнасці вырашыў узяцца за здароўе ўсіх беларусаў.
Да акцыі далучыліся больш за 100 вядомых беларускіх спартоўцаў. Яны прапаноўваюць беларусам унікальныя трэніроўкі, майстар-класы па здароваму ладу жыцця.
ав