У судзе Цэнтральнага раёну Гомеля для 24-гадовага Паўла Ларчыка дзяржабвінавачанне запрасіла тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, перадае «Гомельская Вясна».
Нагадаем, яго вінавацяць паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Алеся Осіпава. Дзяржабвінавачанне падтрымлівае Кружнова.
Паўла вінавацяць у гвалце над міліцыянтам – інспектарам Чыгуначнага АУСу Паўлам Шапавалавым на Маршы пратэсту 20 верасня 2020 года. Згодна з абвінавачаннем, калі Шапавалаў затрымліваў Ларчыка, хлопец «нанёс тры ўдары нагой Шапавалаву – у апошняга былі крывападцёкі».
Абвінавачаны пацвердзіў, што 20 верасня разам з палітвязнем Аляксеем Губічам браў удзел у Маршы пратэсту і меў дзяржсцяг узору 1994 года, рухаўся ў складзе калоны.
«Я быў побач з натоўпам, мужчына працягнуў руку, я яе ўзяў, – распавёў Павел Ларчык. – Але нехта схапіў мяне з-за спіны: гэты мужчына спрабаваў мяне скруціць. Я не бачыў, хто гэты чалавек і ці быў ён у форме. Я страціў раўнавагу і ўпаў на спіну. Нехта схапіў мяне за вопратку – я стаў вырывацца. Мяне цягнулі за ногі – я хацеў вызваліць нагу ад захопу. Я адчуў, што датыкнуўся кагосьці, але гэта быў не моцны ўдар. У мяне былі даўгія валасы, яны закрылі твар, я не бачыў, ці былі ў форме тыя, хто мяне цягнуў. Бачыў на відэа затрымання, што брыкаўся секунд пяць».
ав