Беларуская Служба

Анжаліка Борыс з-за кратаў перадала падзяку беларусам

04.07.2021 18:00
«Прашу перадаць ад мяне словы вялікай падзякі!» – просіць Анжаліка Борыс.
Andżelika BorysAC FORUM
Andżelika BorysAC/ FORUM Foto: .

Анжаліка Борыс расказала, што атрымлівае вялізную колькасць лістоў падтрымкі, і апісала свае турэмныя заняткі, піша «Наша Ніва».

«Атрымліваю лісты ад людзей з розных куткоў Беларусі, – піша Анжаліка Борыс у лісце, які ў сябе ў фэйсбуку апублікаваў першы кіраўнік Саюза палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін. – Большасць гэтых людзей гэта Беларусы, і таму мне вельмі прыемна, што гэта Беларусы пішуць мне словы падтрымкі. Прашу перадаць ад мяне словы вялікай падзякі!» – просіць Анжаліка Борыс.

Борыс піша лісты па-беларуску, на мове, якая прыпраўленая канструкцыямі з роднай для яе польскай мовы.

Яна расказвае, што ў турме ўвесь час «валанцёрыць» – навучае польскай мове сукамерніц.

47-гадовая Анжаліка Борыс піша, што яна «здаровая» і «акліматызавалася» ў «санаторыі», «як быццам бы вярнулася ў гады гістарычныя васьмідзесяцігадовай даўніны». 80 гадоў таму, у 1930–1940-я, нагадаем, таталітарныя рэжымы нацысцкай Нямеччыны і Савецкага Саюза праводзілі масавыя рэпрэсіі ў тым ліку супраць польскай інтэлігенцыі.

Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка гэтага года. Паралельна былі арыштаваныя чатыры іншыя актывісты польскай меншасці.

25 сакавіка Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла, што распачала крымінальную справу ў дачыненні да старшыні незарэгістраванага Cаюза палякаў Анжалікі Борыс і іншых асоб па частцы 3 артыкула 130 КК Рэспублікі Беларусь (распальванне варожасці). Борыс і іншых абвінавачваюць у правядзенні масавых мерапрыемстваў, падчас якіх нібыта ўшаноўваліся ўдзельнікі антысавецкіх бандфармаванняў, а іх дзеянні нібыта пераследавалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўдання генацыду беларускага народа.

Гэтая інтэрпрэтацыя выклікала рэзкую крытыку гісторыкаў, бо Саюз палякаў ушаноўвае байцоў Арміі Краёвай, якая змагалася супраць нацыстаў і дзейнічала пад кіраўніцтвам польскага эміграцыйнага ўрада, што працаваў у Лондане і быў часткай антыгітлераўскай кааліцыі. У барацьбе з гітлерызмам загінулі тысячы байцоў АК, у тым ліку пры вызваленні Вільні і ў гераічным Варшаўскім паўстанні. Гісторыкі бачаць у выстаўленні Арміі Краёвай нацысцкім фарміраваннем небяспечную фальсіфікацыю гісторыі.

Трое актывістаў са «Справы палякаў» пагадзіліся на прапанову вызвалення з турмы ўзамен на выезд у Польшчу. Пасярэднікам у гэтым выступіў былы прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Анжаліка Борыс і Андрэй Пачобут застаюцца за кратамі. Інфармацыя пра іх стан – урыўкавая, бо, як і ў выпадку іншых палітычных спраў, адвакаты зняволеных абмежаваныя падпіскай пра неразгалошванне.

Палякі на сёння – другая па колькасці нацыянальная меншасць у Беларусі, яны тут жылі стагоддзямі.

Анжаліка Борыс, ураджэнка вёскі Грабяні ў Гродзенскім раёне, была ўпершыню абраная кіраўніцай Саюза палякаў у 2005 годзе. Міністэрства юстыцыі тады не прызнала вынікаў выбараў, афіцыйны Мінск хацеў бачыць на чале арганізацыі іншага чалавека.

У Польшчы Борыс, Пачобута лічаць нявіннымі закладнікамі, узятымі для торгу з Захадам.

«Справа палякаў» прывяла да эскалацыі адносін Беларусі з Польшчай, а ўнутры Беларусі прывяла да стыгматызацыі палякаў, якія пачалі баяцца праяўляць сваю польскасць.

Беларускія правааабронцы прызналі Борыс ды іншых польскіх актывістаў палітычнымі зняволенымі.

Усяго па стане на 4 ліпеня за кратамі па палітычных справах у Беларусі знаходзіцца больш за 700 арыштаваных па палітычных справах. Статус палітвязня з іх па стане на 4 ліпеня атрымалі 529 чалавек.

эж

Газета „Rzeczpospolita” заклікае пісаць лісты зняволеным палякам у Беларусі

28.06.2021 15:19
Анжаліка Борыс знаходзіцца ў турме ўжо трэці месяц.

Каля 100 дзён у турме знаходзяцца А. Борыс і А. Пачобут

01.07.2021 15:59
Актывістам Саюзу палякаў пагражае ад 5 ды 12 гадоў турмы.