Беларускай праваабаронцы і апазіцыйнай палітык Марыі Калеснікавай прысуджана Штутгарцкая прэмія міру 2021 года. У абгрунтаванні рашэння гаворыцца, што Калеснікава ўзнагароджваецца за мужную барацьбу з аўтакратычным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і за праваабарончую дзейнасць, паведамляе DW.
Марыя Калеснікава 12 гадоў жыла ў Штутгарце і ў 2020 годзе вярнулася ў Беларусь, дзе стала каардынатарам штабу апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. Пасля яе арышту ў верасні 2020 года яна стала адной з ключавых фігур пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі.
У траўні 2021 года Калеснікавай былі прад'яўленыя абвінавачванні па артыкулах пра заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі, пра змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. Паводле інфармацыі штаба Бабарыкі, ёй можа пагражаць да 12 гадоў турмы.
Афіцыйная цырымонія ўзнагароджання прэміяй у памеры 5000 еўра адбудзецца 19 снежня. Штутгарцкая прэмія міру заснавана грамадзянскай ініцыятывай AnStifter за асаблівыя заслугі ў дасягненні міру, справядлівасці і салідарнасці.
яс