Беларуская Служба

У Рыгора Кастусёва падазрэнне на анкалогію

14.07.2021 14:31
У 2012-2016 гадах ён ужо назіраўся медыкамі з прычыны падазрэння на анказахворванне.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёўscreen/YouTube

У СІЗА № 1 завершана медыцынскае абследаванне 64-гадовага лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які знаходзіцца пад вартай, паведаміла агенцтву БелаПАН яго дачка Кацярына. Паводле яе слоў, стан здароўя бацькі пагоршыўся, а вынікі тэстаў паказваюць на анказахворванне. Сям’я і ён сам непакояцца, што вяртанне ў СІЗА КДБ пагоршыць стан яго здароўя.

Паводле Кацярыны, у 2012-2016 гадах ён ужо назіраўся медыкамі з прычыны падазрэння на анкалогію. Тады хваробу ўдалося прыпыніць.

2 ліпеня палітыка экстранна шпіталізавалі ў бальнічную камеру СІЗА № 1 на Валадарскага. Туды ён трапіў з праблемамі з сэрцам, ціскам, ацёкамі канечнасцяў з камеры СІЗА КДБ, дзе ўтрымліваўся з іншымі вязнямі ва ўмовах спёкі, вільготнасці і дрэннага доступу да свежага паветра. Па словах Кастусёва, 17 начэй ён вымушаны быў спаць на падлозе, пад «шконкай» іншага затрыманага з-за таго, што для яго не знайшлося спальнага месца.

Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове Магілёўскай вобласці і даставілі ў КДБ. Яму прад’яўленыя абвінавачванні ў спробе дзяржаўнага перавароту.

вс