Ужо 11 дзён нашаніўцы знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна ў невыносных умовах – без перадач, якіх супрацоўнікі не аддаюць, без матрацаў і элементарных сродкаў гігіены.
Напярэдадні супрацоўнікаў «Нашай нівы» не адпусцілі па сканчэнні 10 дзён арышту, а затрымалі па новым артыкуле, ня выставіўшы абвінавачанняў паводле папярэдняга. Сукамернікі, якія выйшлі на свабоду, апісваюць камары як «стайню». Ягор Марціновіч змог перадаць пасланне на волю, перадае svaboda.org.
«Мы спрабавалі выстаяць падчас цунамі, але ў нас не атрымалася. На жаль, прастора для дзейнасці незалежных СМІ скарацілася да памеру камеры на Акрэсціна ці Валадарцы. Ні я, ні, думаю, мае арыштаваныя калегі не шкадуем, што засталіся ў Беларусі і працавалі з Беларусі да апошняга. Праца нацыянальнага брэнду павінна працягвацца хоць з намі, хоць без нас, таму што «Наша ніва» – гэта не Марціновіч, Скурко, Дынько і Раковіч, а высокапрафесійная журналісцкая каманда і сотні тысяч чытачоў».
Дапамагчы нашаніўцаў, паводле галоўнага рэдактара, можна падпіскай на старонкі «Нашай нівы» у сацыяльных сетках, у тым ліку тэлеграм-канал.
Паводле праваабаронцаў, зараз за кратамі знаходзяцца 33 журналісты і супрацоўнікі СМІ.
эж