Беларуская Служба

Пасля доўгага перапынку пачалі зноў прыходзіць лісты ад Анджэя Пачобута

24.07.2021 08:49
Актывіст польскай меншасці знаходзіцца ў турме ўжо чатыры месяцы.
Andrzej Poczobut
Andrzej PoczobutAgencja Wschod/Forum

Анджэй Пачобут атрымаў першую паштоўку з Польшчы. Пасля доўгага перапынку зноў пачалі прыходзіць лісты ад мужа, – паведаміла агенцтву PAP Аксана Пачобут, жонка актывіста Саюзу палякаў Беларусі (СПБ), які знаходзіцца ў следчым ізалятары з сакавіка. Нядаўна Пачобут атрымаў дазвол на перапіску на польскай мове.

«Анджэй атрымаў першую паштоўку з Польшчы, – кажа Аксана Пачобут. – Да нядаўняга часу перапіска на польскай мове спынялася цэнзурай. Анджэй напісаў скаргу ў Дэпартамент пазбаўлення волі МУС (Беларусь) і атрымаў дазвол на адпраўку і атрыманне лістоў на польскай мове. Такія лісты прыходзяць пазней, бо цэнзарам патрэбныя дадатковыя тры дні», – сказала жонка актывіста.

Пачобут піша сыну на польскай мове. У яго ёсць і іншыя карэспандэнты, якія пішуць яму па-польску. «Я спадзяюся, што зараз з Польшчы прыйдзе больш лістоў», – кажа Аксана. Яна дадае, што дзесяць гадоў таму, калі Анджэй Пачобут быў чатыры месяцы ў турме за «абразу прэзідэнта», ён атрымліваў каля сотні лістоў з Польшчы на адну паштоўку з Беларусі. Тэма лістоў і карэспандэнцыі займае важнае месца ў апавяданнях Аксаны Пачобут, бо, акрамя ашчадных паведамленняў адваката, з-за пісьмовага абавязацельства не раскрываць інфармацыю пра следства, гэта адзіная крыніца ведаў пра яе мужа. Падчас арышту карыстацца тэлефонам забаронена. Ім могуць карыстацца зняволеныя, якім ужо вынесены прысуд пасля пераводу ў калонію.

«Вось чаму я так хвалявалася, калі перапіска спынілася на больш за месяц. Потым высветлілася, што Анджэй захварэў на Covid-19», – распавядае Аксана PAP. Жонка адправіла яму лекі ў турму ў Жодзіне, дасылала яму тэлеграмай інструкцыі па ўжыванні лекаў. «З-за яго праблем з сэрцам мы вельмі баяліся каранавіруса. Я дасылала, сярод іншага антыкаагулянты», – кажа Аксана. У цяперашні час Анджэй Пачобут піша, што адчувае сябе лепш. У яго назіраюцца збоі сардэчнага рытму, але ён рэгулюе гэта лекамі. «Ён вярнуўся да вывучэння кодэксу, і кожны дзень рыхтуецца да працэсу мінімум гадзіну. Хоць няма ілюзій, што ён будзе адкрыты», – кажа жонка актывіста польскай меншасці.

З моманту арышту Пачобута ў нядзелю пройдзе чатыры месяцы. У пятніцу суд разгледзеў яго скаргу на арышт у якасці прэвентыўнай меры. Аксана Пачобут не атрымала навін па гэтай справе, і яна прыйшла да высновы, што суд адхіліў скаргу.

У сакавіку былі арыштаваны Анджэй Пачобут, старшыня СПБ Анжаліка Борыс і яшчэ тры актывісткі польскай меншасці – Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава. Іх вінавацяць па арт. 130 п. 3 Крымінальнага кодэксу Беларусі, дзе гаворыцца пра »наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці«. Пракуратура Беларусі разглядае дзейнасць актывістаў СПБ як »рэабілітацыю нацызму«. Прыведзены артыкул караецца пазбаўленнем волі ад 5 да 12 гадоў. 2 чэрвеня Міністэрства замежных спраў Польшчы абвясціла, што Бярнацкая, Цішкоўская і Панішава вызвалены з-пад варты і вывезены ў Польшчу. Жанчыны не могуць вярнуцца ў Беларусь. Абвінавачанні з іх не знятыя. Пачобут і Борыс застаюцца ў турме, хутчэй за ўсё, з-за адмовы пакінуць Беларусь. Усе пяць актывістаў былі прызнаныя палітвязнямі.

Юстына Прус (PAP)/нг