Служба дзяржаўнай аховы мяжы Літвы будзе вяртаць мігрантаў у бліжэйшы пункт пропуску на мяжы, паведамляе агенцтва BNS.
«У мэтах абароны дзяржаўнай мяжы і прадухілення ўезду на тэрыторыю Літвы асобы, якія незаконна перасякаюць мяжу па-за пунктамі пропуску, будуць накіраваныя да бліжэйшага дзеючага міжнароднага пункта пропуску на мяжы або дыпламатычнага прадстаўніцтва», – гаворыцца ў паведамленні.
«Нашы службовыя асобы змогуць прымяняць для гэтага ўсе законныя і адэкватныя меры», – заявіла міністр унутраных спраў Літвы Агне Білітайце.
Яна сцвярджальна адказала на пытанне, ці маюць права супрацоўнікі памежнай аховы не прапускаць такіх асоб праз мяжу і высылаць нелегалаў з тэрыторыі Літвы.
Як на практыцы рэалізуюць такі падыход, пакуль не паведамляецца.
У мінулыя выхадныя колькасць мігрантаў, якія трапілі ў Літву з тэрыторыі Беларусі, пабіла ўсе рэкорды. У суботу былі затрыманыя 144 мігранта, у нядзелю – 289 мігрантаў.
ав/zerkalo.io