Экспарт беларускіх угнаенняў праз Літву можа быць цалкам спынены. Па словах міністра замежных спраў Габрыэлюса Ландсбергіса, Літва ўжо фармальна прадставіла прапановы Бруселю па пашырэнні сектаральных санкцый, уключаючы і ўгнаенні «Беларуськалію», якія экспартуюцца пераважна праз Клайпеду.
На пытанне, ці можа быць спынены экспарт, Ландсбергіс адказаў, што такі варыянт магчымы. «Магчыма поўнае спыненне. Я б сказаў, што так, гэта рэальна. Рэальныя перамовы яшчэ не пачаліся, таму яшчэ рана пра гэта казаць», – заявіў міністр у сераду перад пасяджэннем ураду.
ЕС увёў санкцыі на экспарт беларускіх угнаенняў на пачатку чэрвеня, аднак рэальна яны ахопліваюць толькі 20% угнаенняў і распаўсюджваюцца толькі на дагаворы, заключаныя пазней 26 чэрвеня. Ландсбергіс адзначыў, што пытанне пашырэння санкцый будзе абмяркоўвацца не раней за верасень.
delfi.lt/нг