Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) у якасці часовай меры пазбавіў акрэдытацый прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі Артура Шумака і Юрыя Маісевіча. Менавіта гэтыя два прадстаўніка беларускай алімпійскай дэлегацыі былі адказныя за ціск ды спробу прымусовай дэпартацыі бягунні Крысціны Ціманоўскай. Як гэта адбывалася спартсменка распавяла ў Варшаве.
Цяпер трэнеры самі вымушаныя пакінуць Алімпіяду ды з'ехаць з Токіа. МАК прыняў адпаведнае рашэнне.
«У інтарэсах дабрабыту спартсменаў НАК Беларусі, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў Токіа, і ў якасці часовай меры МАК пазбавіў акрэдытацый Артура Шумака і Юрыя Маісевіча. Быў пададзены запыт, каб абодва трэнеры неадкладна пакінулі алімпійскую вёску, і яны гэта зрабілі. Ім будзе дадзена магчымасць быць пачутымі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МАК.
Дысцыплінарная камісія МАК прызначыла спецыяльны камітэт, які зоймецца высвятленнем абставіны падзей вакол Крысціны Ціманоўскай і ролю двух названых трэнераў.
Два дні таму Крысціна Ціманоўская прыехала ў Варшаву. Раней пасля адклікання яе з Гульняў і беспаспяховай спробы гвалтам вывезці яе са сталіцы Японіі яна схавалася ў амбасадзе Польшчы і атрымала гуманітарную візу.
юл