Беларуская Служба

Яшчэ некалькіх беларускіх адвакатаў пазбавілі ліцэнзій

12.08.2021 14:29
«Цікава, чаму ж усё-такі адвакатаў з відэа супраць гвалту так часта пазбаўляюць ліцэнзій?!»
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Адвакатаў Вольгу Карпушонак і Яўгена Маслова з адвакацкага бюро «Маслоў, Гашынскі і партнёры» і адвакатку Юлію Князь, якая працуе індывідуальна, пазбаўляюць ліцэнзій.

«Падставай для правядзення пазачарговай атэстацыі паслужылі факты неналежнага выканання адвакатамі названага бюро сваіх прафесійных абавязкаў, выяўленыя ў ходзе выбарачнай праверкі дзейнасці бюро, праведзенай Міністэрствам юстыцыі ў першым паўгоддзі 2021 года», – гаворыцца ў паведамленні Мінюста.

Яўген Маслоў напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што абараняў людзей і па палітычных справах, і былых «работнікаў сістэмы, і забойцаў, і гвалтаўнікоў. Таму, што адвакат, як і лекар, не можа адмовіць асобе ў дапамозе, у якой ён мае патрэбу. Можа, таму праходзіць праверка Мінюста і атэстацыя?!».

Яўген Маслоў удзельнічаў у запісе відэа «Адвакаты супраць гвалту», падпісаў адкрыты ліст адвакатаў супраць гвалту, лісты ў падтрымку адвакатаў Максіма Знака і Людмілы Казак, каментаваў у сацсетках і СМІ парушэнні закона.

«Цікава, чаму ж усё-такі адвакатаў з відэа супраць гвалту так часта пазбаўляюць ліцэнзій?! Супадзенне? Не думаю, як сказаў бы Дзмітрый Кісялёў», – дадаў ён.

ав