Беларуская Служба

ICAO перанесла разгляд справаздачы аб прымусовай пасадцы Ryanair у Мінску

16.09.2021 15:07
Чакаецца, што канчатковыя высновы агучаць у лістападзе на сесіі Рады ICAO. 
Awaryjne lądowanie samolotu
Awaryjne lądowanie samolotuShutterstock/Renatas Repcinskas

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі перанесла на кастрычнік разгляд папярэдняй справаздачы па інцыдэнце з рэйсам Ryanair. Пра гэта паведаміла агенцтва РИА Новости са спасылкай на Дэпартамент па авіяцыі Беларусі, якому прыйшло такое паведамленне з ICAO. На сайце самой міжнароднай арганізацыі такой навіны няма.

Папярэднія вынікі расследавання ICAO павінны былі з'явіцца 13 верасня, але ў той дзень іх не апублікавалі. Раней расійскі прадстаўнік у ICAO Сяргей Гудкоў заявіў, што арганізацыя не змагла абмеркаваць папярэднюю справаздачу па сітуацыі з Ryanair у ходзе пасяджэння 13 верасня. Новая дата абмеркавання тады не была прызначаная.

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) прадставіла даклад з папярэднімі высновамі пра інцыдэнт з самалётам авіякампаніі Ryanair, які на шляху з Афінаў у Вільню прымусова пасадзілі ў Мінску 23 траўня. На борце знаходзіўся апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч, якога затрымалі.

Дэлегацыя ICAO наведвала Беларусь у канцы жніўня.

Чакаецца, што канчатковыя высновы агучаць у лістападзе на сесіі Рады ICAO. Што тычыцца прамежкавага дакладу для Рады ICAO, то яго дэталі могуць агучыць толькі са згоды дзяржаваў, якія ўваходзяць у арганізацыю. Калі такая дамова паміж дзяржавамі будзе, ІСАО павінна апублікаваць прэс-рэліз неўзабаве пасля дакладу, паведамілі раней Радыё «Свабода» прадстаўнікі арганізацыі.

вс