Беларуская Служба

МУС створыць спіс «экстрэмістаў». Беларусаў, якіх туды залучаць, абмяжуюць у правах

22.10.2021 14:43
Адзначаецца, што ў спіс уключаць дадзеныя тых, хто ўжо асуджаны за «экстрэмісцкія злачынствы», і будзе рэгулярна абнаўляцца.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:ulleo /pixabay.com/CC0 Public Domain

Начальнік аддзела ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі заявіў, што МУС рыхтуе спіс фізічных асобаў, якія нібыта маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці».

«Неўзабаве сфармуем яшчэ адзін спіс, фізічных асобаў (грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства), якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Ён таксама з'явіцца на сайце МУС, але на апрацоўку вялікага абʼёму інфармацыі неабходны час», – заявіў Арлоўскі ў інтэрвʼю газеце «На страже».

Адзначаецца, што ў спіс уключаць дадзеныя тых, хто ўжо асуджаны за «экстрэмісцкія злачынствы», і будзе рэгулярна абнаўляцца.

Пры гэтым застаецца незразумелым, пра якія «экстрэмісцкія злачынствы» ідзе гаворка. Нагадаем, словы «экстрэмізм» і «дэструктыўная дзейнасць» прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі цяпер выкарыстоўваюць для абазначэння любой праявы пратэставых настрояў і іншадумства. Дэ-факт сілавікі лічаць экстрэмісцкімі ўсе палітычна матываваныя справы (іх цяпер больш за 5 тысяч), а палітвязняў у турмах і калоніях ставяць на прафілактычны ўлік як асобаў нібыта «схільных да экстрэмізму».

Паводле Арлоўскага, звесткі з «экстрэмісцкай базы» будуць захоўвацца цягам пяці гадоў пасля пагашэння судзімасці.

«На працягу гэтага часу ім будзе забаронена займаць пэўныя пасады (дзяржаўная, вайсковая служба), займацца педагагічнай, выдавецкай і дзейнасцю, звязанай з легальным абаротам зброі, выбуховых рэчываў», – дадаў ён.

Акрамя таго, іншадумцы рызыкуюць падвергнуцца дэпартацыі, забароны на ўезд або пазбавіцца набытага грамадзянства. За імі таксама ўсталююць асаблівы фінансавы кантроль прадстаўнікі КДК.

Арлоўскі падкрэсліў, што, «па сутнасці, усе падпісчыкі ўдзельнічаюць у папулярызацыі экстрэмісцкага рэсурсу, таму фармальна могуць стаць удзельнікамі крымінальнага пераследу». Але прадстаўнік ГУБАЗіКу паабяцаў падыходзіць да гэтага пытання «індывідуальна».

Арлоўскі нагадаў, што ў Беларусі ўжо больш за 300 «дэструктыўных рэсурсаў» прызнаныя судамі забароненымі. Але ён дадаў, што каб прызнаць тую ці іншую групу асобаў «экстрэмісцкім фармаваннем» нават не трэба, каб сам рэсурс абвесцілі «экстрэмісцкімі».

«Белсат» нагадвае, аўдыторыя рэсурсаў, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі», складае сотні і сотні тысяч чалавек. Толькі на Telegram-канал «NEXTA Live» падпісаныя амаль 940 тысяч чалавек.

ав/Белсат

Былую студэнтку БДУ другі раз запар пакаралі суткамі

22.10.2021 13:32
Соф'ю Маргунову затрымалі пасля спробы патрапіць на абскарджанне па «справе студэнтаў».