Беларуская Служба

Алексіевіч у ААН: Рэжым намагаецца цалкам знішчыць грамадзянскую супольнасць і культурнае жыццё краіны

26.10.2021 09:55
У сваю чаргу спецыяльная дакладчыца ААН аб сітуацыі ў Беларусі Анаіс Марын казала пра тое, што наступ на грамадзянскія правы вядзецца ня толькі ў палітыцы, але і ў культуры.
Swiatłana Aleksijewicz
Swiatłana Aleksijewicz Wikimedia Foundation/Elke Wetzig/CC BY-SA 3.0

Наступленні на свабоду слова і правы чалавека ў Беларусі былі галоўнымі тэмамі канферэнцыі, якая праводзілася ў віртуальным рэжыме з ініцыятывы ААН. У ёй узялі ўдзел Святлана Алексіевіч, прадстаўнікі Камітэту абароны журналістаў і праваабаронцы арганізацыі Human Rights Watch, перадае «Радыё свабода» са спасылкай на «Голос Америки».

Пра падзеі ў Беларусі ўдзельнікам сустрэчы апавяла нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Паводле яе, «сутыкненне з дыктатурай было прагназаваным, але ніхто не чакаў настолькі барбарскай рэакцыі». Пры гэтым Святлана Алексіевіч упэўнена, што ад мары жыць у свабоднай краіне большасць беларусаў не адмовілася.

«Нам давялося мець справу з дзвюма сіламі: з аднаго боку Лукашэнка, з другога – вялізны мядзведзь Расея. Гаворка ня толькі пра тое, што рэжым імкнецца ў страху трымаць увесь народ, запужаць народ, пазбавіць яго інстынкту свабоды і веры ў сябе, але ён ідзе і на тое, каб знішчыць цалкам грамадзянскую супольнасць і культурнае жыццё краіны», – адзначыла яна.

У верасні вярхоўны камісар правоў чалавека ААН Мішэль Бачлет апавядала пра катаванні і жорсткае абыходжанне з удзельнікамі пратэстаў. Цяпер, як лічаць праваабаронцы Human Rights Watch, гаворка ідзе ўжо ня толькі пра барацьбу ўладаў з пратэстоўцамі, а пра вынішчэньне іншадумства. Пра гэта ўдзельнікам сустрэчы расказала Рэйчэл Дэнбэр, куратарка аддзелу Еўропы і Сярэдняй Азіі ў Human Rights Watch.

«За час нашага назірання за Беларуссю мы бачылі там і наступ на правы чалавека, і праяву аўтарытарызму, і нават вельмі жорсткі наступ на правы чалавека, але тое, што мы бачылі цягам апошняга году, гэта ўжо зусім іншая справа. Гэта спроба ня толькі пераследаваць актывістаў ці ўскладніць ім жыццё, а поўнае знішчэнне іншадумства», – заявіла Рэйчэл Дэнбэр.

У сваю чаргу спецыяльная дакладчыца ААН аб сітуацыі ў Беларусі Анаіс Марын казала пра тое, што наступ на грамадзянскія правы вядзецца ня толькі ў палітыцы, але і ў культуры.

«Беларуская канстытуцыя вызначае беларускую мову ў якасці дзяржаўнай, і тым ня менш дзесяцігоддзямі існуе практыка дыскрымінацыі тых, хто размаўляе на беларускай. Мяне асабліва непакоіць абмежаванае выкарыстанне беларускай мовы ў вышэйшай і сярэдняй адукацыі», – адзначыла Анаіс Марын.

Удзельнікі сустрэчы заклікалі міжнародную супольнасць праз дыпламатычныя падважнікі паўплываць на Менск і не дапусціць канчатковага задушэння ў краіне грамадзянскіх свабодаў.

эж

Са школьнай праграмы зніклі творы С. Алексіевіч

08.08.2021 14:06
У мінулым месяцы Святлана Алексіевіч распавяла, што піша кнігу пра беларускія пратэсты.

Дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі: Змены ў Беларусі – гэта пытанне часу

21.10.2021 14:56
Знаходзячыся ў Літве яна стварыла ўласны штаб, які на міжнароднай арэне намагаецца прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі.