У судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля 3 лістапада агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі і валанцёркі арганізацыі Таццяны Ласіцы.
Суддзя Сяргей Салоўскі прызнаў Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК) і асудзіў Леаніда Судаленку на тры гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а Таццяну Ласіцу – на два з паловай гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
13 кастрычніка па тры гады калоніі для Леаніда і Таццяны запрасілі пракуроры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў. Для валанцёркі Марыі Тарасенка, якая праходзіла па гэтай жа крымінальнай справе і была пад падпіскай аб нявыездзе, бок дзяржабвінавачвання запрасіў два з паловай гады калоніі. Пасля гэтага Марыя была вымушаная з’ехаць з Беларусі.
На судзе пракуроры прасілі месяц для вылучэння крымінальнай справы супраць Тарасенка ў асобную вытворчасць, але суддзя Сяргей Салоўскі даў на гэта толькі тыдзень. 26 кастрычніка на судзе аднавілася судовае следства па крымінальнай справе супраць Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы: наноў адбыліся спрэчкі бакоў, абвінавачаныя «вясноўцы» выступілі з апошнім словам.
Нагадаем, суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі «Вясны» Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка распачаўся 3 верасня і праходзіў у закрытым рэжыме. Леанід і Таццяна знаходзяцца пад вартай з 18 і 21 студзеня 2021 года адпаведна.
ав/Вясна