Беларуская Служба

Зраўнялі з зямлёй магілы жаўнераў Арміі Краёвай у Мікулішках на Ашмяншчыне

05.07.2022 11:36
У канцы чэрвеня Польшча выказвала занепакоенасць частымі выпадкамі апаганьвання магіл польскіх жаўнераў.
       30
Так выглядалі магілы ў Мікулішках на працягу 30 гадоў Крыніца: facebook.com/mark.zanevskij

Магілы жаўнераў Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёна зраўнялі з зямлёй. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў віцэ-старшыня Саюза палякаў Беларусі Марак Занеўскі, піша «Наша Ніва».

У Фэйсбуку сітуацыю пракаментаваў і дэпутат польскага Сейма Роберт Тышкевіч. Ён назваў тое, што здарылася, «варварскім актам дзяржаўнага вандалізму» і выказаў упэўненасць, што гэты агідны ўчынак рэжыму Лукашэнкі павінен сустрэць рашучую рэакцыю польскіх уладаў.

У канцы чэрвеня Польшча выказвала занепакоенасць частымі выпадкамі апаганьвання магіл польскіх жаўнераў. У МЗС краіны заяўлялі, што выпадкі вандалізму ў асноўным тычацца Гродзенскай вобласці, дзе знаходзіцца каля 550 месцаў пахавання польскіх салдат. Польшча звярталася да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна спыніць акты вандалізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.


Зруйнаваны мемарыял у Мікулішках Зруйнаваны мемарыял у Мікулішках

Выпадкі знішчэння польскіх магіл былі зафіксаваныя ў вёсках Багданы, Бабровічы, Дындылішкі, а таксама ў Іўі. У Ёдкавічах Бераставіцкага раёна невядомыя ссунулі надмагільныя пліты і выкапалі парэшткі жаўнераў з брацкай магілы.

Таксама цынічнай формай здзеку з важных для палякаў месцаў памяці было пахаванне на могілках у Даўгінаве, дзе пахаваныя байцы польскага войска, што загінулі ў баях з бальшавікамі ў 1919-1920 гадах, дэзерціра Эміля Чэчкі, якога знайшлі павешаным пасля таго, як ён аказаў рэжыму Лукашэнкі прапагандысцкія паслугі, скіраваныя супраць Польшчы.

«Ну і што, што гэта магілы палякаў, а не беларусаў – гэта частка гісторыі. Для беларусаў што палякі, што рускія, што амерыканцы – іншыя. Але ж сістэмна выціраюць толькі тое, што не рускае і не савецкае, – сказаў «Нашай Ніве» краязнавец з Гродна, які папрасіў, каб ягонага імя не называлі. – Армія Краёва змагалася з нацыстамі, панесла ў тым змаганні найцяжэйшыя страты, успомніце Варшаўскае паўстанне. А яе малююць нацысцкім фарміраваннем. Проста смярдзючыя фальсіфікацыі, якія маюць на мэце пасварыць беларусаў з палякамі. У беларусаў з палякамі былі спрэчкі, але выкідаць з магіл целы байцоў, якія загінулі падчас вайны, гэта ўвогуле што? У «Год гістарычнай памяці» яе сціраюць» – дадаў краязнавец.

эж