Беларуская Служба

Лідару прафсаюзнага руху Ярашуку выставілі новае абвінавачванне за заклікі да санкцый

25.11.2022 13:26
 .
Аляксандр Ярашук.Фота з адкрытых крыніц.

Палітзняволенаму Аляксандру Ярашуку выставілі новае абвінавачванне – заклікі да санкцый.

Як стала вядома «Народнай Волі», старшыні ліквідаванай па рашэнні Вярхоўнага суда Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» Аляксандру Ярашуку выставілі новае абвінавачванне – заклікі да санкцый. Па той частцы, якую інкрымінуюць Ярашуку, яму пагражае ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення свабоды.

Як адзначае выданне, Ярашук, ва ўсялякім выпадку публічна, адкрыта выступаў супраць увядзення жорсткіх санкцый у дачыненні да Беларусі, з-за чаго на яго з крытыкай нават абрынуліся некаторыя апазіцыянеры, якія цяпер жывуць па-за межамі краіны. Тым не менш менавіта за заклікі да санкцый улады хочуць прыцягнуць Ярашука да адказнасці: па інфармацыі крыніц «Народнай Волі», нейкую крамолу, знайшлі ў яго кампутары, які праваахоўнікі забралі падчас ператрусу.

Разам з Ярашуком па справе праходзяць ягоны намеснік Сяргей Антусевіч і бухгалтар Ірына Бут-Гусаім. Раней ім інкрымінавалі 342 артыкул Крымінальнага кодэкса – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

вх