У Магілёўскім абласным судзе 23 студзеня, у закрытым рэжыме распачаўся суд над «рэйкавымі партызанамі» Дзмітрыем Клімавым, Уладзімірам Аўрамцавым, Яўгенам Мінкевічам з Бабруйска. Іх затрымалі ў ноч на 30 сакавіка 2022 года, паведамляе «Вясна».
Паводле версіі абвінавачвання, яны датычныя да знішчэння двух рэлейных шаф сігнальнай усталёўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання Дзмітрый Клімаў быў паранены сілавікамі. Бабруйчанаў судзяць па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «акт тэрарызму«, «здраду дзяржаве» і «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі«. Справу разглядае суддзя Ігар Шведаў. Палітвязням пагражаюць вялікія турэмныя тэрміны, за кратамі яны ўтрымліваюцца 10 месяцаў.
Паколькі суд праходзіць у закрытым рэжыме, то падрабязнасці справы невядомыя. Што адметна, «рэйкавых партызанаў» не ўнеслі яшчэ ні ў «Спіс экстрэмістаў», ні ў «Спіс тэрарыстаў».
Нагадаем, у ноч на 30 сакавіка 2022 года пры сілавой падтрымцы САХРа былі затрыманыя трое «рэйкавых партызанаў» з Бабруйску. Пра гэта 6 красавіка паведаміла МУС. Па інфармацыі ведамства, «падчас затрымання мужчыны аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі ўцячы«. Сілавікі ўжылі зброю на паражэнне. Адзін з затрыманых быў паранены і нейкі час знаходзіўся ў лячэбнай установе. Іншым аказана меддапамога на месцы. Як вынікае з аператыўнага відэа, пры затрыманні быў паранены Дзмітрый Клімаў. На відэа затрымання ў яго перавязаныя калены, а ў ізалятары ён кульгае.
аз