Беларуская Служба

«Бліскучая аперацыя» можа аказацца фэйкам

21.03.2023 12:30
Лукашэнкаўскія СМІ паведамілі, што спеслужбы правялі ўдалую аперацыю па ліквідацыі замежнага экстрэміста ў Гродне.
Ілюстрацыйны здымакScreenshot z Youtube

Забіты «тэрарыст» меў фальшывы расійскі пашпарт на імя Аляксея Ламакіна. Яго нібыта выслалі так званыя збеглыя з Польшчы. Лукашэнка назваў дзеянні КДБ «бліскуча спрацавана».

У сваю чаргу кіраўнік «ByPol» Аляксандр Азараў у размове з Радыё «Свабода» назваў інфармацыйным укідам звесткі пра аперацыю КДБ у Горадні з забойствам «тэрарыста-замежніка».

«Ніхто ў сілавых структурах пра гэта нічога не ведае, а такога быць не можа», – адзначыў Азараў. Паводле кіраўніка «ByPol», калі б насамрэч сілавікі даведаліся пра зламысніка, які плануе тэракты, «усю краіну на вушы паставілі б».

«Калі б там была нейкая спецаперацыя, яны б абвясцілі план «Перахват» ці «Сірэна». Бо ад пачатку невядома, колькі асоб могуць быць датычныя, шукалі б памагатых. Былі б перакрыты дарогі, было б узмацненне – а так нічога. Проста такі інфармацыйны ўкід», – сказаў Азараў.

 Азараў пракамэнтаваў відэа на «Беларусь-1», што аператыўныя здымкі так не робяцца.

«Як правіла, здымаюць здалёк, а тут камера хіба што не да твару прыстаўленая. Нібыта нехта ідзе побач і здымае. Усё рабілася на вельмі блізкай адлегласці, такога не бывае.», – заўважае Азараў.

Былы сілавік зазначае, што ўлады маглі проста зняць пастановачныя кадры.

Крыніца: Радыё «Свабода»