Беларуская Служба

У калоніі лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова кінулі ў карцар

22.03.2023 10:23
У лістападзе 2022 года Казлоў за ўдзел у пратэстах быў асуджаны на два з паловай года калоніі.
Мікалай КазлоўТэлеканал «Белсат»/скрыншот

У калоніі лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова кінулі ў карцар адразу пасля выхаду з каранціна. Палітвязень у карцары будзе знаходзіцца да 26 сакавіка, паведаміў у «Фэйсбуку» экс-старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

У лістападзе 2022 года Казлоў за ўдзел у пратэстах быў асуджаны на два з паловай года калоніі. Перад гэтым ён тры месяцы знаходзіўся пад арыштам.

У студзені бягучага года палітвязень быў пераведзены ў магілёўскую папраўчую калонію № 15.

Мікалаю Казлову 56 гадоў. Ён – падпалкоўнік міліцыі ў запасе. У 2008 годзе падчас выбараў ён абвінаваціў кіраўнікоў участковай выбарчай камісіі ў Мінску ў фальсіфікацыях. У Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў з 2012 года. У 2021 годзе Лукашэнка пазбавіў яго звання падпалкоўніка міліцыі.

«Сталінская сістэма адрадзілася ў Беларусі. Але такіх як Мікола яна не ломіць, а толькі загартоўвае! Турмы, калоніі, следчыя ізалятары – гэта лінія фронту, на якой працягваюць змаганне нашы сябры, браты, сёстры, родныя і блізкія нам людзі! І гэта нават не батальён, не полк, а цэлая армія няскораных і мужных!», – напісаў Анатоль Лябедзька.

вс