Беларуская Служба

Беларусы святкуюць Дзень Волі, але ў Беларусі нельга адзначаць гадавіну абвяшчэння БНР

25.03.2023 08:37
«Наша Ніва» сабрала звесткі пра адзначэнне ў розных краінах 105-ай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
  -
Ілюстрацыйны здымак - бчб сцягфота: БСПР/нг

Дзе адсвяткаваць Дзень Волі за мяжой. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Волі, у Польшчы, Літве, Грузіі і не толькі.

Вільня

У Дзень Волі святкаванні пачнуцца ад раніцы.

У 8:30 раніцы каля 2-га будынка Сейма (з боку ракі) пройдзе цырымонія ўзняцця нацыянальнага сцяга Беларусі — у гонар Дня Волі і міжнароднага Дня Салідарнасці з Беларуссю.

У 10:45 арганізатары прапануюць наведаць могілкі Росы, дзе пахаваныя беларускія паўстанцы 1863—1864 гадоў. Акрамя капліцы з іх парэшткамі, можна будзе наведаць і могілкі беларускіх асветнікаў, братоў Антона і Івана Луцкевічаў.

З 11:30 да 12:00 запланаваны аўтапрабег з бчб-сцягамі ад Росаў да Лукішскай плошчы, на які трэба папярэдне запісацца тут. У наступныя паўгадзіны на Лукішскай плошчы пройдзе мітынг.

Далей можна будзе або працягнуць святкаванне ў Вільні, або паехаць у Коўна на адкрыццё адноўленага помніка беларускаму грамадскаму дзеячу Клаўдзію Дуж-Душэўскаму. Калі вы абіраеце першы варыянт, то ініцыятыва «Двары Вільні» прапануе з 12:30 да 14:00 маляваць на плошчы вялікі бчб-сцяг крэйдай. Калі ж вы кіруецеся ў Коўна, то з 12:30 да 13:10 можаце паўдзельнічаць у аўтапрабегу са сцягамі ад Лукішскай плошчы да прыпынку Vievis, што знаходзіцца за 30 кіламетраў ад Вільні.

З 13:10 да 13:30 ахвотныя паехаць у Коўна збіраюцца на гэтым прыпынку, і да 14:40 прадоўжыцца пераезд да месца адкрыцця помніка Дуж-Душэўскаму. Адрас наступны: Petrašiūnai Cemetery, M. Gimbutienės g. 28, 52379, Kaunas. З 15 да 16 гадзін на могілках будуць адкрываць мемарыял, а далей арганізатары адводзяць тры гадзіны на вяртанне да Вільні.

З 19 да 20 гадзін ля беларускага пасольства ў Вільні (Mindaugo g. 13) пройдзе мітынг-канцэрт з запальваннем памятных лампадак і хвілінай памяці ў гонар загінулых за вольную Беларусь.

26 сакавіка можна будзе далучыцца да святочнага шпацыру, прысвечанага дзеячам БНР. Для гэтага прыходзьце ў 14 гадзін у Базыльянскія муры (Aušros vartų 7B). Пасля шпацыру, які скончыцца прыкладна ў 15:45, запланаваная лекцыя па гісторыі БНР ад навукоўца Сяргея Харэўскага (Музей ім. Івана Луцкевіча, Vilniaus 20, 16 гадзін). Пасля лекцыі, у 17 гадзін, пачнецца караоке па-беларуску з Ільёй Маліноўскім: да 18 гадзін можна будзе праспяваць любімыя песні накшталт «Муроў» ці «Трох чарапах».

Варшава

Распачаць святкаванне Дня Волі ў польскай сталіцы можна на Замкавай плошчы каля калоны Жыгімонта. 25 сакавіка ў 13 гадзін у гэтым месцы збяруцца беларусы Варшавы, каб праспяваць родныя гімны. Далей беларусы пройдуць маршам па цэнтральных вуліцах Варшавы, і арганізатары прапануюць рыхтаваць для гэтага сцягі і плакаты.

У 15 гадзін каля Беларускага моладзевага хаба (аднаго з арганізатараў падзеі) пачнецца мітынг-канцэрт, які можна будзе пабачыць і ў трансляцыі ад «Белсата». Абяцаюць выступы буйных палітычных і грамадскіх дзеячаў Беларусі, а таксама гэта шанс патанцаваць і паспяваць песні вядомых гуртоў і музыкаў, сярод якіх:

Atesta
23:34
«Дом сувязі»
Lity Taler
Dzieciuki
NRM.by
Сяргей Доўгушаў
Shuma
Пётр Клюеў
Ketevan
Спампаваць спеўнік для святочнага канцэрта можна тут.

Пасля канцэрта, які скончыцца бліжэй да 18-ці гадзін, можна будзе працягнуць святкаванне ў беларускіх ці польскіх корчмах разам з беларускімі сябрамі.

Таксама 25 сакавіка ў 11:30 у дольным касцёле Св. Аляксандра (плошча Трох Крыжоў) адбудзецца святая імша з малітвай за Беларусь, якую ўзначаліць ксёндз Вячаслаў Барок. Пасля, у 12:30, тэатр «Купалінка» запрашае на спектакль «На вальніцы» паводле рамана Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Біном». Паўтор адбудзецца 26 сакавіка ў 12:30.

26 сакавіка ў 16:00 на імпрэзу запрашае Цэнтр беларускай салідарнасці. Гасцей чакае прэзентацыя новай кнігі Уладзіміра Арлова «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча», новае выданне кнігі «Імёны Свабоды», выступ рок-музыкі, удзельніка легендарнага гурта N.R.M. Піта Паўлава, а таксама кампазітара і выканаўцы Рамана Арлова. Можна будзе таксама набыць беларускія кнігі.

Месца — Witryna Domu Wschodniego, Plac Konstytucji 6 (уваход з правага боку будынку). Уваход вольны.

Беласток

У 14 гадзін на плошчы Касцюшкі, ля помніка Пілсудскаму, пройдзе святочная акцыя. Пасля яе, з 15:30 да 17:30, у памяшканні WANS (Усходняя акадэмія прыкладных навук, Ciepła 40) пройдзе святочны канцэрт.

26 сакавіка ў 14:00 беларуская дыяспара Беластока запрашае на пікнік на пляцоўцы Polana Kopna Góra.

27 сакавіка ў 19:30 у «Новай Зямлі» пройдзе святочная «Мова нанова».

Нарэшце, 31 сакавіка ў 19:00 беларусаў клічуць у «Новую Зямлю» на спектакль фрык-тэатра EX TEMPORE пад назвай «Маскі. Рэтраспектыўны зрэз інстынкту самазахавання. Манадрама».

Уроцлаў

З 16.00 па 18.00 шэсце ад Пляцу Вольнасці да Рынкавай плошчы.

А 18.30 — вечар паэзіі Уладзіміра Някляева (Przejście Garncarskie 2, Wrocław).

А 20-й гадзіне — канцэрт (Stary Klasztor — ul.J.E.Purkyniego 1, Wrocław).

Тбілісі

І ў Грузіі беларусы будуць святкаваць Дзень Волі. Калі вы знаходзіцеся ў Тбілісі, 25 сакавіка можна далучыцца да мітынгу — бярыце з сабой сцягі і плакаты. У 14:00 яго ўдзельнікі збіраюцца ля Першай гімназіі (вось гэтае месца на мапе). З 14:30 да 15:30 адбудзецца святочны марш і ўрачысты мітынг, падчас якіх можна будзе праспяваць нацыянальныя беларускія гімны (паўтараем словы тут). На мітынгу можна будзе выступіць са сваёй прамовай, але арганізатары просяць загадзя ўзгадніць яе тэкст — для гэтага дасылайце яго на адрас belromatut@gmail.com.

Далей распачнецца неафіцыйная частка свята, на якую тбіліскіх беларусаў клічуць у бар Bunker (9 0105 Mikheil Lermontovi St). Прыходзьце туды ў 16 гадзін, каб паўдзельнічаць у квізе (рэгістравацца на яго просяць тут), паслухаць выступы беларускіх музыкаў і стэндап. Таксама ў планах караоке, дабрачынны аўкцыён і іншыя актыўнасці.

Батумі

На беразе Чорнага мора Дзень Волі будуць адзначаць найбольш актыўна. Усё распачнецца 25 сакавіка ў 11 гадзін са святочнага забегу са сцягамі, старт і фініш — ля вежы Алфавіт. Забег даўжынёй 5 кіламетраў пройдзе па бульвары, можна прыходзіць і падтрымліваць бегуноў.

У 15 гадзін беларусы Батумі збіраюцца ля сонечнага гадзінніка на Мелікішвілі, а ў 15:30 распачынаюць шэсце да плошчы Еўропы. З 16 да 18 гадзін на плошчы Еўропы адбудзецца мітынг.

Плануюць і неафіцыйнае святкаванне, напрыклад, у 19 гадзін распачнецца дваровая вечарына ў «аКсяродку» (4 Metaxa St), запрашаюць прыходзіць з пачастункамі. Будзе мангал, на якім можна будзе нешта пасмажыць. Далей, у 20 гадзін, распачнецца канцэрт. Сярод выступоўцаў абяцаюць Вожыка, Фёдара Жывалеўскага («Голая манашка») і гурт Dadoma, будзе вольная гітара і вольны мікрафон.

Рыга

25 сакавіка а 14-й гадзіне адкрыецца выстава Вольгi Якубоўскай «Малюю наша жыццё», на якой будуць прадстаўленыя арыгіналы карцін з серыі «Коцікі Свабоды».

Выстава будзе працаваць з 25 сакавіка па 25 красавіка па адрасе: Rīga, Slokas iela, 37 (Дом АНКОЛ ім. І.Казакевіч).

Час працы выставы: панядзелак-пятніца з 10:00 да 18:00. Наведванне неабходна папярэдне ўзгадніць па тэлефонах: 67613638; 27024786.

Юрмала
Арт-станцыя «Дубулты» і аб'яднанне беларусаў Латвіі «Суполка» прадстаўляюць у Юрмале выставу «Крэатыўная рэвалюцыя», прысвечаную шырокамаштабным пратэстам у Беларусі ў 2020-ым годзе.

Экспазіцыя пакажа ўвесь крэатыў, з якім беларусы супраціўляліся фальсіфікацыі выбараў, гвалту ўладаў, спрабавалі вярнуць сабе базавыя правы і свабоды, а таксама пазнаёміць з нізавымі ініцыятывамі, якія аб'ядналі людзей па ўсёй краіне.

Першы паверх будзе прысвечаны фотасведчанням тэрору, учыненага ўладай, мірным маршам, якія сталі адказам на гвалт, дваровым ініцыятывам, якія аб'ядналі людзей, а таксама культурнаму феномену Беларусі — сцягам пратэсных раёнаў.

На другім паверсе будуць прадстаўлены работы вядомага мастака Уладзіміра Цэслера і керамісткі Ганны Мядзведзевай.

Мерапрыемства будзе праходзіць з 25 сакавіка па 28 траўня з 9:00 да 17:30. Адрас — Zigfrīda Meierovica prospekts 3, Jūrmala (ст. «Дубулты»). Уваход вольны.

Лондан

У Беларускім доме ў Лондане святкаванне пачнецца 25-га сакавіка а 14:00. Далучыцца можна ў тым ліку анлайн.

Галоўным выступоўцам сёлета запрошаны гісторык Аляксандр Пагарэлы з Варшавы, які зробіць даклад на тэму: «Супольнасць лёсаў і памкненняў: узаемныя назіранні беларусаў і ўкраінцаў ад нацыянальных рэвалюцый да 1939 г.»

Адзначаць Дзень Волі будуць і ў іншых краінах.

Наша Ніва/нг