Беларуская Служба

Літва абмяжуе выдачу віз і ВНЖ беларусам, але зробіць выключэнні

29.03.2023 16:45
Выключэнні будуць датычыць, між іншым, беларусаў, якія працуюць у Літве кіроўцамі-дальнабойшчыкамі.
Сцяг Літвыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Дэпутаты літоўскага Сейма змякчылі да другога чытання закон пра візавыя абмежаванні для грамадзян Беларусі і Расіі, паведамляе delfi.lt.

У прыватнасці, абмежаванні на выдачу відаў на жыхарства беларусам адкладзенае да 1 ліпеня 2023 года. Аўтар прапановы Ёнас Яруціс патлумачыў яе патрэбамі бізнесу: «У Літве больш за 50% кіроўцаў-дальнабойшчыкаў – грамадзяне Беларусі. Некаторыя, іх больш за тысячу, стаяць у чарзе на курсы, якія дазваляюць працаваць у ЕС і ў Літве кіроўцамі. Гэта было б сур'ёзнай праблемай і цяжарам для літоўскага транспартнага сектара, якому і без таго нестае кіроўцаў», – заявіў дэпутат.

Таксама выключэнні зробленыя ў палажэнні аб забароне на атрыманне літоўскага грамадзянства беларусамі і расіянамі. Атрымаць грамадзянства зможа чалавек, які адказвае патрабаванням закона аб натуралізацыі (пражыў у Літве 10 гадоў, здаў экзамен па літоўскай мове ды інш.) і не ўяўляе пагрозы для нацыянальнай бяспекі і грамадскага парадку.

Другое галасаванне па законапраекце ў сейме было прызначанае на 30 сакавіка. Але цяпер гэты пункт выкраслены з парадку дня.

аз