Беларуская Служба

Аб'яднаны пераходны кабінет пачаў праверку скандальнай сітуацыі ў BYPOL

09.06.2023 07:59
Ідзе публічнае высвятленне адносінаў паміж былымі сілавікамі, аб'яднанымі ў арганізацыі BYPOL – Мацвеем Купрэйчыкам і кіраўніком арганізацыі Аляксандрам Азаравым.
Аляксандр АзараўФота: BYPOl

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі выдаў кароткі каментар, датычны канфліктнай сітуацыі.

«У сувязі са з’яўленнем інфармацыі аб унутраным канфлікце ў арганізацыі BYPOL, што звязаная з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам Беларусі, Кабінет пачынае праверку з мэтай вывучэння абставін гэтай сітуацыі, выпрацоўкі высноў і прыняцця адпаведных рашэнняў.

Прыярытэтам пры выпрацоўцы захадаў па рэагаванні будзе забеспячэнне бяспечнага захавання ўсёй інфармацыі, атрыманай BYPOL у працэсе дзейнасці.

Улічваючы спецыфіку дзейнасці арганізацыі BYPOL, Аб’яднаны Пераходны Кабінет, яго кіраўніца і прадстаўнікі лічаць мэтазгодным усім бакам устрымацца ад любых бягучых каментарыяў і інтэрпрэтацый да таго моманту, пакуль не будуць прынятыя рашэнні на падставе максімальна поўнай інфармацыі», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Тэлеграм-канал BYPOL паведаміў, што Аляксандра Азарава выключылі з арганізацыі

У паведамленні Тэлеграм-канала BYPOL гаворыцца, што калектыў Абʼяднаньня сілавікоў Беларусі BYPOL вырашыў выключыць яго і Станіслава Лупаносава з арганізацыі ў сувязі «з працягам імі дэструктыўнай дзейнасці, выяўленымі парушэннямі з іх боку патрабаванняў бяспекі».

Гаворыцца, што ў АСБ BYPOL праводзяць унутраны разгляд «правамернасці і мэтазгоднасці шэрагу фінансавых аперацый фонду», а Азараў і Лупаносаў «адмаўляюцца падаваць фінансавую справаздачнасць».

Аляксандр Азараў заявіў што адміністратар сацсетак BYPOL, якога звольнілі пасля адмовы прайсці паліграф, «прыхапіў» з сабой доступ да сацсетак абʼяднання.

вх