Беларуская Служба

Андрэя Пачобута пазбавілі перадачы і спаткання

11.12.2023 17:02
Журналіст і грамадскі дзеяч з Гродна Андрэй Пачобут за кратамі знаходзіцца з сакавіка 2021 года.
Анджэй Пачобут на судзефота: twitter.com/LukaszJasina

Па стане на 11 снежня ў Беларусі – 1 тыс. 475 палітвязняў, прызнаных праваабарончай супольнасцю. Паводле іншых падлікаў, колькасць палітвязняў можа быць большай.

Журналіст і грамадскі дзеяч з Гродна Андрэй Пачобут за кратамі знаходзіцца з сакавіка 2021 года. Навін ад палітвязня мала і яны ў цэлым змрочныя, напісалі ягоныя сваякі ў сацсетках.

Нядаўна на Андрэя склалі два пратаколы: у якасці пакарання яго пазбавілі перадачы і спаткання. Агулам ад пачатку адбыцця тэрміну ў Пачобута ўвогуле не было ні сустрэч, ні перадач.

Сваякі журналіста мяркуюць, што такая тэндэнцыя можа захавацца да моманту яго вызвалення – як мінімум да лютага 2028 году.

Аднак блізкія Пачобута таксама адзначаюць, што ён не страціў раўнавагі, спакойнага настрою, заўсёды цікавіцца ўсімі сваімі сябрамі і калегамі ды перадае прывітанні, паведамляе Радыё «Свабода».

Андрэя Пачобута затрымалі ў сакавіку 2021 года ў Гродне. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939 года яго абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце». У 2023 годзе вынеслі прысуд – 8 гадоў калоніі.

21 чэрвеня стала вядома, што палітвязня перавялі ў наваполацкую калонію №1.

вс