Беларуская Служба

8 мая 1945 года — горкая перамога. Польшча выйшла з Другой сусветнай вайны з вялізнымі стратамі, у тым ліку тэрытарыяльнымі

08.05.2025 23:32
Незразумелы парадокс, беручы пад увагу тое, што краіна ўваходзіла ў лік пераможцаў.
Аўдыё
  • Горкая перамога. Пасля Другой сусветнай вайны Польшча, будучы пераможцай, страціла больш тэрыторыі, чым Германія пасля Першай сусветнай вайны.
 .  .
Ілюстрацыйны зыдмак. Вечны агонь. Фота: Pixabay.com/Evgeny

80 гадоў таму чалавецтва святкавала перамогу над найгоршым злачынным рэжымам – гітлераўскім фашызмам. Для тагачаснай Польшчы гэта была горкая перамога – краіна страціла ў вайне не толькі мільёны жыхароў, але і дзясяткі тысяч квадратных кіламетраў тэрыторыі, а таксама на наступныя амаль паўстагоддзя не па ўласным жаданні ўвайшла ў сферу ўплыву Савецкага Саюза.  

Другая сусветная вайна на польскіх землях, у склад якіх тады ўваходзіла і частка сённяшняй тэрыторыі Беларусі, працягвалася амаль 6 гадоў, а жыхары СССР святкавалі перамогу праз менш чым 4 гады пасля нападзення Германіі ў чэрвені 1941 года. 6 гадоў барацьбы на ўсіх франтах, на сушы, на моры і ў паветры. Неабходна памятаць, што вайна стала вынікам супрацьстаяння двух злачынных рэжымаў – гітлераўскага і сталінскага, якія не збіраліся заставацца ў межах сваіх дзяржаў, аб чым казаў на навуковай канферэнцыі «Уклад Польшчы ў Другую сусветную вайну» прафесар Ваеннай тэхнічнай акадэміі Адам Астанэк (Adam Ostanek).

- Бальшавікі спрабавалі распаўсюдзіць камунізм у Еўропе, але ім не ўдалося (у 1920 годзе іх затрымалі палякі – рэд.). У міжваенны перыяд яны зразумелі, што неабходна падпаліць Еўропу, каб экспартаваць камунізм. І таму яны актыўна дапамагалі Германіі. Як вядома, у немцаў пасля Першай сусветнай вайны амаль не павінна было быць войска і ўзбраення, але СССР вельмі ім дапамог адбудаваць ваенную магутнасць. Гэта было яшчэ да прыходу да ўлады нацыянал-сацыялістаў у Германіі. Калі яны пачалі кіраваць краінай, адносіны з СССР пагоршыліся, але, калі стала вядома, што вайны не ўдасца пазбегнуць, Савецкі Саюз пачаў асцярожна правяраць, што ён можа атрымаць ад супрацы, хто яму дасць больш.  

А паколькі Вялікабрытанія і Францыя не згаджаліся, каб Савецкі Саюз заняў частку Польшчы ў выпадку нападзення Германіі, Сталін заключыў дамову з Гітлерам - Пакт Молатава-Рыбентропа. Самая важная частка - тайны пратакол, у якім Германія і Савецкі Саюз падзялілі сферы ўплыву. На падставе гэтага пакту салдаты Чырвонай арміі напалі на Польшчу 17 верасня 1939 года. Што цікава, Сталін чакаў звыш двух тыдняў пасля нападзення Германіі, ці Францыя і Вялікабрытанія ўступяць у вайну з Гітлерам. Калі гэтага не адбылося, СССР вырашыў ударыць Польшчы ў спіну.

Як паступілі польскія ўлады? Канешне, аб’явілі мабілізацыю, але самі хутка з’ехалі за мяжу - фармаваць урад на эміграцыі. Народ застаўся з акупантам. Супраціў з боку палякаў быў настолькі моцны, што Польшча была адзінай краінай, дзе акупантам не ўдалося стварыць калабаранцкі ўрад. Аб гэтым нагадаў Доктар гістарычных навук Януш Гмітрук (Janusz Gmitruk).

- Практычна не было сістэмы адукацыі, акрамя самага нізкага ўзроўню. У іншых краінах Еўропы дзейнічалі сярэднія школы. Немцы планавалі на працягу 20 гадоў цалкам “ачысціць” гэтыя землі ад палякаў. А з 1941 года акупанты сталі яшчэ больш жорстка эксплуатаваць польскую эканоміку. З боку насельніцтва гэта была барацьба за фізічнае выжыванне, за ежу. Пры гэтым, польская падпольная дзяржава была феноменам на фоне Еўропы – 1 млн 200 тысяч чалавек ўдзельнічалі ў барацьбе. У падпольнай дзяржаве былі свае структуры – урад, парламент, паліцыя, армія, у склад якой уваходзілі сялянскія батальёны. Калі немцы рэалізавалі свой план высялення 25 млн славян на ўсход, на Замойшчыне пачалося паўстанне, што спыніла злачынныя планы Гітлера. А якая была рэакцыя Лондана? Ён хацеў суцішыць супраціў палякаў. Трэба сказаць, што асноўнымі цэнтрамі партызанскай барацьбы была вёска. Польскі рух супраціву зладзіў 110 тысяч збройных і дыверсійных акцый. У Лондане высока ацэньвалі дзейнасць польскай падпольнай дзяржавы, але пры гэтым, палякі атрымалі менш за ўсіх ваеннай дапамогі, напрыклад, Югаславія атрымала ў восем разоў больш узбраення. Мы знаходзіліся на шляху Чырвонай арміі, якая ў 1943 годзе ўжо ішла на захад, і саюзнікі не былі зацікаўленыя ва ўмацоўванні польскай падпольнай дзяржавы. Вельмі горкае падсумаванне нашай перамогі – мы страцілі 6 млн жыхароў, 80 тыс квадратных кіламетраў тэрыторыі. Эксперты пасля вайны казалі, што два пакаленні палякаў будуць адбудоўваць эканоміку дзяржавы.

Найгоршымі былі чалавечыя страты. Толькі ў 80-ыя гады колькасць насельніцтва Польшчы дасягнула даваеннага ўзроўню – 38 мільёнаў жыхароў. А адразу пасля вайны ў краіне засталося толькі 23 мільёны насельніцтва. Калі б будучыя ворагі – Германія і Савецкі Саюз – не дамовіліся паміж сабой і не напалі практычна разам, страты не былі б такія вялікія. Іншая справа – памылкай было разлічваць на дапамогу саюзнікаў – Францыі і Вялікабрытаніі, - адзначаў доктар гістарычных навук Тадэвуш Панэцкі (Tadeusz Panecki).

- Мы рыхтаваліся да самастойнай абароны нашых граніц толькі цягам кароткага часу, покуль не падыдуць саюзнікі. Чаму саюзнікі не прыйшлі з дапамогай? Гэта вынік вялізнай траўмы французаў пасля Першай сусветнай вайны. Францыя была знішчаная, жыхары не хацелі паўтору і паставілі на пасіўную абарону, будуючы лінію Мажыно. Брытанцы, праўда, больш ірваліся ў бой, нават хацелі бамбіць нямецкія прамысловыя раёны, але Чэрчыль сумняваўся – маўляў, гэта ж прыватныя землі, нельга іх бамбіць. Пазней яны пашкадавалі аб сваёй нерашучасці. У рэшце рэшт вырашэнне польскага пытання было аддадзена ў рукі Сталіна. Дарэчы, гэтае пытанне выклікала рознагалоссі і пагражала разарваннем антыгітлераўскай кааліцыі.

У вялікай ваеннай палітыцы лёс Польшчы вырашалі без удзелу палякаў. У выніку дзяржава, парадаксальна, страціла больш тэрыторыі, чым Германія пасля Першай сусветнай вайны. Розніца ў тым, што Польшча ўваходзіла ў лік пераможцаў у Другой сусветнай вайне, а не пераможаных, як Германія. Так што 8 мая, Дзень перамогі, які ў Савецкім Саюзе адзначаўся 9 мая, мае для палякаў вельмі горкі смак. Аб гэтым казалі ўдзельнікі навуковай гістарычнай канферэнцыі, зладжанай у Музеі незалежнасці Польшчы.

нг