Прадстаўнікі расійскіх спецслужбаў вывозілі з Украіны ў Беларусь вялікую колькасць дзяцей без бацькоў, паведаміў Ігар Салікаў – былы палкоўнік расійскай арміі, які ваяваў у прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер». Мужчына знаходзіцца у Нідэрландах, дзе згадзіўся даць сведчанні ў Міжнародным крымінальным судзе пра ваенныя злачынствы Расіі ва Украіне. Інтэрв'ю з ім запісаў нідэрландскі тэлеканал EenVandaag, паведамляе Радыё «Свабода».
Ігару Салікаву 60 гадоў. Паводле яго слоў, каля 25 гадоў ён служыў у расійскай арміі, даслужыўся да звання палкоўніка. Потым ваяваў у Сірыі, Афрыцы і ва Украіне ў складзе ПВК «Вагнер».
Салікаў паведаміў, што ПВК «Вагнер» атрымлівала загады непасрэдна з Міністэрства абароны Расіі, а часам – з адміністрацыі Пуціна.
Экс-вагнеравец заявіў, што быў сведкам зверстваў расійскага боку супраць мірнага насельніцтва і ўкраінскіх ваеннапалонных.
Таксама Ігар Салікаў паведаміў, што расійскія спецслужбы вывозілі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь.
«Я бачыў, як людзі са спецслужбаў вывозілі вялікую колькасць дзяцей без бацькоў праз мяжу ў Беларусь», – сказаў былы вагнеравец. Мужчына сцвярджае, што ў вывазе дзяцей у Беларусь былі задзейнічаныя «цэлыя калоны супрацоўнікаў ФСБ на легкавых машынах і невялікіх мікрааўтобусах».
Паводле афіцыйных дадзеных Кіева на канец 2023 года, ад пачатку нападу Расіі на Украіну было вывезена 19 тыс. 546 дзяцей. У сваю чаргу расійскі бок паведамляе пра 700 тыс. вывезеных дзяцей.
вс