Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка падпісалі пастанову аб стварэнні сумеснага медыяхолдынга Саюзнай дзяржавы, паведаміў сайт The Moscow Times, падкрэсліваючы, што гэта азначае абʼяднанне дзяржаўнай прапаганды абедзвюх краінаў.
Такое рашэнне было прынятае на сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў панядзелак у Санкт-Пецярбургу.
Сайт нагадвае, што пра ідэю стварэння сумеснага медыяхолдынга Лукашэнка казаў у 2021 годзе, калі прапанаваў сканцэнтраваць у ім фінансавыя рэсурсы, якія на той момант размяркоўваліся паміж рознымі дзяржаўнымі СМІ.
The Moscow Times нагадвае, што з пачатку ўварвання ва Украіну расійскія ўлады ўкладваюць велізарныя сродкі ў прапаганду, то бок у дзяржаўныя СМІ. Аднак у той жа час гэтыя СМІ губляюць сваю аўдыторыю.
Паводле пракрамлёўскага Усерасійскага цэнтрa вывучэння грамадскай думкі, доля расіян, якія не глядзяць дзяржаўнай тэлевізіі, вырасла да 31 працэнта ў 2023 годзе з 13 працэнтаў у 2018 годзе.
Аналітыкі амерыканскага Інстытута даследаванняў вайны (ISW) звяртаюць увагу на апошнюю сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі, якая адбылася ў панядзелак. Яны лічаць гэтую сустрэчу прагрэсам у імкненні Крамля больш глыбока інтэграваць Беларусь у структуры Саюзнай дзяржавы.
Пуцін і Лукашэнка прынялі тры дамоўленасці, у тым ліку, адносна каардынацыі знешняй палітыкі абедзвюх краін. Лукашэнка таксама паясніў, што Масква і Мінск супрацоўнічаюць у Афрыцы, і запэўніў, што ўзгадніў з Пуціным свой візіт у краіны Афрыкі ў снежні 2023 года.
Амерыканскія аналітыкі нагадваюць, што раней Лукашэнка супраціўляўся спробам Крамля паглыбляць інтэграцыю Беларусі ў структуры Саюзнай дзяржавы. Аднак пасля няўдалага бунту расійскіх наймітаў з «Групы Вагнера», у якім Лукашэнка нібыта адыграў ролю пасярэдніка, і пасля смерці заснавальніка вагнераўцаў Яўгена Прыгожына, магчымасці для далейшага супраціву зменшыліся.
PAP/аз