Жалезная заслона паміж Захадам і Усходам ужо апусцілася, і, верагодна, гэта надоўга. Пра гэта заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў адказ на просьбу пракаментаваць магчымае закрыццё яшчэ двух пунктаў пропуску на літоўска-беларускай мяжы.
«Жалезная заслона ўжо апусцілася, яна апусцілася ўсім сваім цяжарам 24 лютага 2022 года», – прыводзіць словы Наўседы рэсурс LRT. Літоўскі прэзідэнт адзначыў, што пасля пачатку вайны некаторыя заходнія лідары «яшчэ некаторы час мелі ілюзіі» з нагоды магчымага дыялогу паміж Захадам і Усходам. Але гэтыя ілюзіі развеяліся пасля разні ў Бучы. «Так што »жалезная заслона« ўжо ёсць, яна, верагодна, апусцілася надоўга, я не бяруся разважаць, на дзесяцігоддзі ці на гады, гэта шмат у чым будзе залежаць ад будучага расійскага рэжыму», – сказаў Наўседа.
Нагадаем, літоўская камісія па нацыянальнай бяспецы ў аўторак прапанавала закрыць для перамяшчэння тавараў, транспарту і людзей пункты пропуску «Лаварышкес» і «Райгардас» (з беларускага боку «Катлоўка» і «Прывалка»). Таксама прапануецца паступова скараціць колькасць рэгулярных пасажырскіх аўтобусных рэйсаў у Беларусь. Рашэнне аб гэтым павінен прыняць літоўскі ўрад.
euroradio.fm/ez