Беларуская Служба

Беларусаў з візамі PBH без працоўнага запрашэння ці дамовы не прапускаюць у Польшчу

14.02.2024 15:38
Польскія памежнікі не прапускаюць у Польшчу беларусаў з візамі, атрыманымі па праграме Poland Business Harbour, калі ва ўладальніка візы няма пацверджання мэтавага выкарыстання дакумента.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота: twitter.com/Straz_Graniczna

Пра гэта «Медыязоне» распавялі ў кампаніі visa_helps, якая займаецца дапамогай у атрыманні віз.

Кампаніі вядома пра трох беларусаў, якіх не прапусцілі праз пункт пропуску «Брэст – Цярэспаль». Прычынай стала адсутнасць дакументаў, якія пацвярджалі б мэтавае выкарыстанне гэтага тыпу візы: працоўнага кантракта, b2b-дамовы або адкрытага ІП. У visa_helps распавялі, што ўсе трое – кліенты кампаніі. Верагодна, што колькасць беларусаў, якіх не прапусцілі праз мяжу, куды большая.

Працаўнікі кампаніі паведамілі, што ім таксама вядома аб выдачы польскімі памежнікамі забароны на наведванне Польшчы на шэсць месяцаў аднаму з беларусаў з візай PBH, але без дадатковых дакументаў.

Інфармацыю «Медыязоне» пацвердзіла беларуска, якую ў аўторак 13 лютага «развярнулі» на мяжы з Польшчай. Па яе словах, памежнікі не прапускалі ў Польшчу нават тых, у каго было запрашэнне ад працадаўцы.

Яшчэ адзін беларус распавёў «Медыязоне», што ў сераду 14 лютага яго не пусцілі ў Польшчу, бо ў яго не было працоўнага кантракту. Па словах мужчыны, раней памежнікі прапускалі з візай PBH без абгрунтаванняў атрымання гэтага віду візы.

МЗС Польшчы не паведамляў пра нейкія змены для ўладальнікаў віз тыпу PBH.

Праграма Poland. Business Harbour была спынена ў студзені 2024 года. Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што яна будзе закрытая да таго часу, пакуль «не будуць прыняты рашэнні для забеспячэння належнай праверкі кампаній і замежнікаў, якія з'яўляюцца яе бенефіцыярамі».

вх

МЗС Польшчы: Праграма Poland. Business Harbour не апраўдала надзей

26.01.2024 15:19
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі прыняў рашэнне аб прыпыненні ўдзелу МЗС Польшчы ў праграме Poland. Business Harbour.