ЗША ўвялі экспартныя абмежаванні ў дачыненні да кампаніі Sandvine за пастаўку тэхналогій ураду Егіпту, які выкарыстоўвае іх для цэнзуры і блакавання навінаў, а таксама сачэння за палітычнымі дзеячамі і праваабаронцамі. Пра гэта гаворыцца ў лісце Міністэрства гандлю на сайце афіцыйнага часопісу ўраду ЗША, паведамляе Свабода.
Таксама ў лісце зазначаецца, што такія дзеянні кампаніі супярэчаць нацыянальнай бяспецы і інтарэсам замежнай палітыкі ЗША. Экспартныя абмежаванні закранулі філіі кампаніі ў Швецыі, Японіі, ААЭ, Індыі і Малайзіі.
Sandvine – канадская кампанія, якой валодае амерыканская Francisco Partners. Сядзіба месціцца ў Сан-Францыска. Аднак у Sandvine ёсць сувязь таксама з Беларуссю.
Улетку 2020 году ўлады Беларусі блакавалі ў краіне інтэрнэт, карыстаючыся абсталяваннем кітайскай Huawei і амерыканскай Sandvine. Пасля падзей лета і восені 2020 году амерыканцы, зрэшты, вырашылі спыніць супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам. Яны больш не падтрымліваюць пастаўленага ў Беларусь абсталявання. Цяпер яно не мае абнаўленняў і не можа падстройвацца пад новыя спосабы абыходу блакаванняў.
У сваёй заяве ў сярэдзіне верасня 2020 году Sandvine паведаміла, што расследаванне абставінаў выявіла – у прадукцыю кампаніі ўставілі «карыстальніцкі код» «з мэтай сарваць свабодны паток інфармацыі падчас выбараў у Беларусі».
«Гэта парушэнне правоў чалавека, і гэта выклікала аўтаматычнае спыненне нашага ліцэнзійнага пагаднення з кліентам. Sandvine вельмі сур’ёзна ставіцца да парушэнняў правоў чалавека. Мы таксама нецярпіма ставімся да выкарыстання тэхналогій для заціскання свабоднага патоку інфармацыі, што прыводзіць да парушэння правоў чалавека», – гаварылася ў заяве.
Да таго Sandvine паказала свае распрацоўкі дзяржаўнай службе бяспекі Беларусі і накіравала сваё абсталяванне Беларусі праз асноўнага падрадчыка, расійскую фірму Jet Infosystems. Гэта засведчылі дакументы кампаніі.
Апаратуру ўсталявалі ў Мінску, у цэнтрах апрацоўкі дадзеных, якімі кіруе Нацыянальны цэнтр абмену трафікам (НЦАТ). Паводле дакументаў і абазнаных асобаў, НЦАТ кіруе ўсімі інтэрнэт-дадзенымі, якія паступаюць у Беларусь і з Беларусі.
ав/Свабода