МЗС Беларусі апублікавала «разгорнуты каментар» у сувязі з санкцыямі Еўрасаюза за пераслед іншадумцаў і дапамогу Расіі ў вайне.
МЗС Беларусі заявіла, што вывучыла заявы ЕС і асобных краін-сяброў у сувязі з выбарамі 25 лютага і прыняло да ўвагі чарговыя высновы Рады ЕС і рашэнне аб прадаўжэнні «незаконных санкцый».
Беларускае ведамства разглядае іх, як беспаспяховыя спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы краіны і папярэджвае, што згаданыя санкцыі «могуць стаць легітымнай падставай для новых крымінальных спраў у дачыненні да асоб, якія іх ініцыявалі».
МЗС абураецца непрызнаннем парламенцкіх выбараў, якія прайшлі 25 лютага, а таксама апраўдвае размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі.
Знешнепалітычнае ведамства Беларусі называе кіраўніцтва Украіны «нэанацыстамі«, заяву ЕС аб гібрыдным нападзе нелегальнымі мігрантамі «лжывай«, а беларускую апазіцыю за мяжой – «злачынцамі«.
«ЕС павінен разумець, што ўзаемадзеянне з некаторымі асобамі, якія атрымліваюць прыстанішча і замежнае фінансаванне ў Польшчы і Літве, а таксама заклікаюць і ажыццяўляюць даказаную дзейнасць дзеля звяржэння законнай улады і злому канстытуцыйнага ладу ў Беларусі ўзброенымі або тэрарыстычнымі метадамі, азначае, што Еўрасаюз свядома фінансуе экстрэмістаў і арыентуецца на тэрарыстычныя спосабы дасягнення сваіх мэт», – чытаем у заяве МЗС Беларусі.
«Свабода» нагадвае, што Еўрасаюз пасля выбараў 25 лютага пацвердзіў свой намер прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека ў Беларусі, а таксама ўводзіць і далей абмежавальныя захады, пакуль беларускія ўлады не спыняць гэтых дзеянняў.
Савет Еўрасаюза да 28 лютага 2025 года падоўжыў дзеянне санкцый, уведзеных супраць чыноўнікаў і прадпрыемстваў Беларусі за рэпрэсіі супраць беларусаў і падтрыманне агрэсіі Расіі супраць Украіны.
аз