Беларуская Служба

На наступным тыдні пачнуць судзіць лідарку незалежнага прафсаюза «Нафтана» Вольгу Брыцікаву

05.03.2024 17:46
Справу распачнуць разглядаць 11 сакавіка ў Віцебскім абласным судзе
Вольга БрыцікаваФота: "Вестник Нафтана"

Вольгу Брыцікаву вінавацяць у распальванні варожасці (ч.1 арт. 130 Крымінальнага Кодэкса). Жанчыну затрымалі ў жніўні 2023 года, але на той момант супраць яе былі высунуты абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрадзе дзяржаве, або здзяйснення акта тэрарызму або дыверсіі, або ажыццяўлення дзеянняў, накіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, або здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь).

Але, паводле дадзеных праваабаронцаў, следства не змагло знайсці доказаў супраць прафсаюзнай актывісткі па дадзеным артыкуле. Вольга Брыцікава працавала на «Нафтане» начальнікам аддзела па рэалізацыі нафтапрадуктаў. Яна стала актыўнай удзельніцай пратэставага руху ў жніўні 2020 года і лідаркай незалежнага прафсаюза. Менавіта Вольга на сустрэчы з тагачасным кіраўніком КДБ Іванам Церцелем агучыла патрабаванні да ўладаў ад імя калектыву. А ў першыя дні поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, запісала відэазварот, у якім адкрыта выказалася супраць вайны.

У 2022 годзе Брыцікава правяла за кратамі 105 сутак па адміністрацыйных артыкулах. Зараз яе ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА-2. За час утрымання пад вартай Вольга Брыцікава страціла роднага брата, на пахаванне яе не адпусцілі.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск