Беларуская Служба

Індывідуальнага прадпрымальніка з Лепеля пакаралі за гандаль прадукцыяй «Nivea»

21.03.2024 15:56
Улады Беларусі забаранілі ўвоз прадукцыі «Nivea» у 2021 годзе.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

Як паведамляе прэс-служба Эканамічнага суда Віцебскай вобласці, была разгледжаная адміністрацыйная справа ў дачыненні да індывідуальнага прадпрымальніка з Лепеля, што займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, якая ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі лічыцца бяспраўнай або забараняецца.

Паводле матэрыялаў справы, індывідуальны прадпрымальнік у сваім павільёне гандляваў забароненымі да абароту на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь таварамі. Так, на вітрыне ў камерсанта ўвагу падатковай прыцягнулі дзевяць адзінак прадукцыі гандлёвай маркі «Nivea», якая была забароненая да ўвозу ў Беларусь у 2021 годзе. Суд прызначыў прадпрымальніку штраф у памеры 800 рублёў без канфіскацыі прыбытку, бо яго атрыманне не было ўстаноўленае.

Увоз прадукцыі «Nivea» быў забаронены ўладамі Беларусі пасля таго, як у кампаніі заявілі, што адмовяцца ад спонсарства Чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе, калі матчы будуць праходзіць у Беларусі. «Nivea» афіцыйна выступіла тады за павагу, адзінства і супраць усіх формаў дыскрымінацыі і гвалту.

У студзені 2021 года члены рады Міжнароднай федэрацыі хакея на лёдзе прынялі канчатковае рашэнне пра перанос чэмпіянату з Беларусі з-за немагчымасці забяспечыць дабрабыт каманд, гледачоў і афіцыйных асоб пры правядзенні чэмпіянату свету ў Рэспубліцы Беларусь.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск