Беларуская Служба

Павел Латушка: Лукашэнкаўская прапаганда выкарыстае польскага суддзю ў сваіх мэтах

06.05.2024 15:01
Былы амбасадар Беларусі ў Польшчы дадаў, што рэкамендаваў бы польскім уладам афіцыйна не рэагаваць на справу з суддзі Томаша Шмыта.
K
Kіраўнік НАУ Павел Латушкаwww.youtube.com/@CabinetBelarus/скрыншот

Беларускі рэжым будзе выкарыстоўваць польскага суддзю ў прапагандысцкіх мэтах, лічыць беларускі апазіцыянер Павел Латушка. Гаворка ідзе пра суддзю Адміністрацыйнага ваяводскага суда ў Варшаве Томаша Шмыта (Tomasz Szmydt), які на прэс-канферэнцыі ў Мінску афіцыйна падпісаў заяву аб звальненні з Варшаўскага адміністрацыйнага суда і папросіць у беларускага рэжыму «абароны».

Павел Латушка сказаў Польскаму радыё, што, на ягоную думку, улады ў Мінску будуць весці шырокую, але кароткатэрміновую прапагандысцкую кампанію са спасылкай на паляка:

- Напэўна паявіцца шмат інтэрв’ю. Яго будуць паказваць на тэлебачанні. Магчыма наведае некалькі беларускіх судоў. Ён будзе гаварыць пра дрэнную сітуацыю ў Польшчы і пра тое, як у Беларусі добра… Аднак гэткія асобы, скажам так, аднаразовага выкарыстання. Праз месяц, два – максімальна праз паўгода ён стане непатрэбны рэжыму. Лукашэнка не будзе яго пажыццёва ўтрымліваць.

Былы амбасадар Беларусі ў Польшчы дадаў, што рэкамендаваў бы польскім уладам афіцыйна не рэагаваць на справу з суддзі Томаша Шмыта.

Каментатары нагадваюць, што Томаш Шмыт быў адным з фігурантаў скандалу на глебе нянавісці ў Міністэрстве юстыцыі Польшчы. Суддзя прызнаўся, што ўдзельнічаў у цкаванні ў сацыяльных сетках суддзяў, якія выступалі супраць рэформы судовай сістэмы, якую ажыццяўляла кааліцыя правых сілаў у Польшчы. У акцыі таксама ўдзельнічала былая жонка суддзі Эмілія Шмыт.

IAR/аз