Беларуская Служба

Наталля Качанава адмовілася сустракацца з жанчынамі з ініцыятывы «Маці-328»

06.05.2024 18:02
У неафіцыйнай размове актывісткам руху далі зразумець, што Качанава «раздражнёная тэмай».
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава Авторство: Duma.gov.ru, CC BY 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=113073534

Прадстаўніцы грамадзянскай ініцыятывы «Маці-328» не змаглі запісацца на травеньскі прыём да старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. Пра гэта паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на рэсурс @MAYDAYMog. Жанчыны хацелі чарговы раз абмеркаваць пытанне пакарання за нарказлачынствы.

У траўні ў Качанавай запланаваны два прыёмы – у Мінску і Жлобіне. «Маці-328» здолелі арганізаваць дзяжурства і запісаліся на абодва прыёмы. Ім пацвердзілі, што заяўкі прынятыя, і паведамілі, што ім пазней ператэлефануюць, каб удакладніць, колькі чалавек прыйдзе на прыём. Аднак пазней у неафіцыйнай размове актывісткам руху далі зразумець, што Качанава «раздражнёная тэмай» і што ўлады больш не збіраюцца абмяркоўваць пытанне вялікіх тэрмінаў за нарказлачынствы, адзначае рэсурс.

Прадстаўніцам ініцыятывы так ніхто і не ператэлефанаваў, у сустрэчы з Качанавай ім адмовілі.
Адзначым, што падобная сітуацыя была і летась. Хоць да снежня 2019 года – пакуль Качанава кіравала Адміністрацыяй Лукашэнкі – яна неаднаразова сустракалася з актывісткамі руху і давала надзею, што практыка прымянення «наркатычных» артыкулаў можа быць перагледжаная.

аз