Беларуская Служба

У беларускія калоніі і СІЗА не даходзяць банкаўскія пераводы

10.05.2024 08:18
Пераводы па пошце даступныя, аднак там існуе «чорны спіс», куды ўключаюць асоб, прызнаных «тэрарыстамі», а таксама шэраг палітвязняў без гэтага статусу.
Ілюстрацыя Фота: Shutterstock/BOONDARIN

Напярэдадні 9 траўня сотні плацяжоў вярнуліся адпраўнікам, праблема назіраецца ва ўсіх рэгіёнах краіны, пішуць праваабаронцы з Mayday.

Праблема назіраецца ўжо месяц, аднак у апошнія дні здарыўся глабальны збой, які закрануў нават «Беларусбанк». Спярша праблемы пачаліся з інтэрнэт-банкінгам, і пераводы былі даступныя толькі праз паслугу «М-банкінг» і толькі «перавод па рэквізітах». Аднак апошнія тры дні банкінг паведамляе, што плацеж забаронены.

Вядома пра выпадкі, калі грошы вярталіся адпраўніку праз два тыдні, не дабраўшыся да рахункаў СІЗА або калоніі.

Пераводы па пошце даступныя, аднак там існуе «чорны спіс», куды ўключаюць асоб, прызнаных «тэрарыстамі», а таксама шэраг палітвязняў без гэтага статусу.

З-за блакавання плацяжоў сотні вязняў застаюцца без магчымасці «атаваркі» ў турэмнай краме, аплаты пакояў для працяглых спатканняў і іншых паслуг, якія надаюць калоніі.

nashaniva.com/эж