Беларуская Служба

Грамадзяніна Украіны прысудзілі да шасці гадоў калоніі нібыта за агентурную дзейнасць

21.05.2024 13:01
У чым сутнасць абвінавачання – невядома, паколькі суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Арцём Макавейbrestspring.org/скрыншот

Брэсцкі абласны суд 15 траўня разгледзеў крымінальную справу супраць грамадзяніна Украіны Арцёма Макавея. 25-гадовага дыджэя абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасці» паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Мікалай Сянько. Хутчэй за ўсё Арцёма Макавея затрымалі 27 студзеня 2023 года ў яго дома ў Кобрыне. У чым сутнасць абвінавачання – невядома, паколькі суд праходзіў у закрытым рэжыме, паведамляе брэская «Вясна»

Па дадзеных праваабаронцаў, у Арцёма ўкраінскае грамадзянства, але ў Беларусі ён жыў з 2009 года. Апошнія гады працаваў дыджэем у Брэсце, Кобрыне, Мінску.

Аб затрыманні грамадзяніна Украіны ў сакавіку 2023 года распавядала «Радыё Свабода». Па словах маці Арцёма Іны, «у студзені 2023 года сына выклікалі ў міграцыйную службу і «прапаноўвалі прайсці там паліграф». У канцы таго ж месяца да яго дадому стукалі людзі ў цывільнай форме, а 27 студзеня ён «знік, перастаў адказваць на паведамленні».

Адзінае, пра што паведамілі маці Арцёма ў КДБ «што ён уяўляе пагрозу Рэспубліцы Беларусь». Больш ніякіх тлумачэнняў не далі.

Затрыманне зрабілі супрацоўнікі КДБ. Спярша Макавей сядзеў два месяцы ў ІЧУ Брэста, але ніякіх допытаў не праходзіла, і хлопец не разумеў за што наогул затрыманы. Праз 1 год і 3 месяцы пасля затрымання, справа дайшла да суда. Увесь гэты час мужчына знаходзіўся пад вартай.
Суд пастанавіў пакараць Арцёма Макавея пазбаўленнем волі тэрмінам на шэсць гадоў.

аз