Беларуская Служба

Швецыя стала другой краінай, якая дапаможа Фонду падтрымкі беларускіх палітвязняў

21.05.2024 15:01
Фонд накіраваны на падтрымку сем’яў рэпрэсаваных і былых беларускіх палітвязняў.
Сцяг ШвецыіPicudio/pixabay.com/CC0 Public Domain

Урад Швецыі выдзеліць 5 млн крон (каля 430 тысяч еўра) для Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі палітвязняў Беларусі. Паводле інфармацыі «Парламенцкага каналу», пра гэта на Стакгольмскай канферэнцыі па Беларусі 21 траўня заявіў міністр міжнароднага развіцця, супрацы і замежнага гандлю Юган Фушэль.

Пра тое, што чыноўнік мае намер абвясціць пра гэты крок, раней паведамляла прэс-служба шведскага ўраду, нагадвае «Свабода». Фушэль заявіў, што «Швецыя дакладна падтрымлівае дэмакратычную Беларусь».

30 красавіка галоўны дарадца дэмакратычнай лідаркі Беларусі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў «Позірку», што першы ўнёсак у фонд падтрымкі беларускіх палітвязняў зробіць Осла – 10 млн нарвежскіх крон (850 тысяч еўра).

Фонд накіраваны на падтрымку сем’яў рэпрэсаваных і былых палітвязняў. Гаворка пра медычную дапамогу і рэабілітацыю, матэрыяльную і псіхалагічную дапамогу вызваленым палітвязням і асобам, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі. Распараджацца сродкамі фонду будуць беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць палітвязням.

Паводле інфармацыі Вячоркі, Міністэрства замежных спраў Нарвегіі працуе над фармалізацыяй працы фонду. Уносіць сродкі змогуць урады краін, міжнародныя арганізацыі і іншыя донары.

З ініцыятывай стварыць такі фонд Ціханоўская выступіла пасля таго, як палітвязень, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй міру ў 2022 годзе.

аз