Беларуская Служба

Беларусь забараніла ўвоз шэрагу тавараў з Польшчы, Чэхіі і краінаў Балтыі

22.05.2024 08:45
Улады Беларусі з 1 студзеня 2022 года ў адказ на заходнія санкцыі ўвялі забарону на імпарт з «недружалюбных краін».
    -
Пункт пропуску «Прывалка» на беларуска-літоўскай мяжы gpk.gov.by

Урад Беларусі дапоўніў пералік тавараў, якія нельга ўвозіць і прадаваць у Беларусі. Адпаведныя змены ўнеслі ў пастанову Савету міністраў № 700 ад 6 снежня 2021 года, паведаміла прэс-служба беларускага ўрада.

Пералік дапоўнілі наступнымі таварамі з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі: піва, зброджаныя напоі, сродкі для догляду за скурай, сродкі для валасоў, сродкі для галення, сродкі для гігіены рота і зубоў, дэзадаранты, сродкі для ваннаў, мыла, чысцячыя сродкі, дываны, мужчынскае тэкстыльнае адзенне, абутак з верхам з натуральнай скуры, галаўныя ўборы, пасцельныя рэчы, асновы матрацныя, посуд сталовы, кухонны з фарфору і шкляны, лякі, фарбы, пліты, лісты, плёнкі з пластмасаў, ярлыкі і этыкеткі з паперы, кардону.

Таксама пастановай забаронены ўвоз і рэалізацыя вады, уключаючы мінеральную і газаваную, з так званых «недружалюбных краінаў».

Гэтыя меры – адказ на забарону Латвіяй імпарту з Беларусі асобнай харчовай прадукцыі, забарону Літвы на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў з Беларусі, а таксама на падрыхтаваны рэгламент Рады Еўрасаюза, які ўстанаўлівае павышанае мыта на імпарт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, адзначылі ў ведамстве.

«Свабода» нагадвае, што ў Беларусі з 1 студзеня 2022 года ў адказ на заходнія санкцыі ўвялі забарону на імпарт з «недружалюбных краін». Тады пад абмежаванні трапілі, сярод іншага, мяса свежае, астуджанае і замарожанае буйной рагатай жывёлы, свініны і свойскай птушкі, субпрадукты, тлушчы, каўбасы, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука з мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна і арэхі, кандытарскія вырабы, соль.
У пералік «недружалюбных краін» раней былі ўключаныя Аўстралія, краіны Еўрасаюза, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Новая Зеландыя, Албанія, Ісландыя, Паўночная Македонія, Вялікабрытанія, ЗША, Чарнагорыя і Швейцарыя.

У снежні 2022 года ўрад скараціў пералік забароненых прадуктаў: выключэнні былі зробленыя для насеннай бульбы, а таксама свежай бульбы, якая ўвозіцца з 1 студзеня па 30 чэрвеня, і яблыкаў, што ўвозяцца з 1 студзеня па 30 чэрвеня.

Абмежаванні не распаўсюджваюцца на тавары, якія вывозяць у краіны ЭАЭС, а таксама іншыя дзяржавы для аказання міжнароднай гуманітарнай дапамогі. Таксама новаўвядзенне не тычыцца тавараў, якія ідуць праз Беларусь транзітам.

аз