Беларуская Служба

Павел Латушка ініцыяваў стварэнне Цэнтра беларускіх тэатраў у Польшчы

24.05.2024 17:15
Ён падкрэсліў патрэбу «Вольных Купалаўцаў» і больш чым 10 беларускіх тэатральных калектываў у пастаянным памяшканні ў Варшаве.
.
.Photo:HolgersFotografie/CC0 Public Domain

Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка ініцыяваў стварэнне Цэнтра беларускіх тэатраў у Польшчы падчас сустрэчы з намесніцай міністра культуры Польшчы Мартай Цінькоўскай.

Ён падкрэсліў патрэбу «Вольных Купалаўцаў» і больш чым 10 беларускіх тэатральных калектываў у пастаянным памяшканні ў Варшаве.

Павел Латушка: «Я патлумачыў спадарыні Цінькоўскай, што важна ствараць моцныя асяродкі беларускай культуры ў Польшчы, якія стануць крыніцамі адраджэння ў нашай краіне, калі рэжым Лукашэнкі зменіцца. Асобным асяродкам у музейнай сферы можа стаць і Музей Вольнай Беларусі».

На сустрэчы намеснік кіраўніцы Кабінета прадставіў сабраныя Беларускім ПЭНам лічбы аб рэпрэсіях у сферы культуры ў Беларусі за 2023 год. Сярод іх:
▪️1097 парушэнняў у дачыненні да 605 дзеячаў культуры;
▪️163 парушэнні ў дачыненні да 147 арганізацый і супольнасцяў;
▪️57 парушэнняў у дачыненні да аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і беларускай мовы;
▪️182 аб’екты інфармацыйнага кантэнту ўключаны ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Дамовіліся, што Міністэрства культуры Польшчы прааналізуе беларускія ініцыятывы ў Польшчы, іх запыты і праблемы. Пасля адбудзецца сустрэча, каб абмеркаваць іх больш шырокую падтрымку.
Павел Латушка па прапанове Беларускай Рады культуры звярнуўся да Міністэрства культуры Польшчы з просьбай спрыяць візавай падтрымцы для творцаў з Беларусі.

Павел Латушка: «Падчас працы міністрам культуры Беларусі мне давялося паспрыяць стварэнню музея выбітнага спевака Чэслава Немана ў Старых Васілішках, на Гродзеншчыне, займацца аднаўленнем Нясвіжскага палаца і Мірскага замка, адкрываць іх пасля рэстаўрацыі, ініцыяваць адкрыццё помніка Станіславу Манюшку ў Чэрвені, яшчэ раней садзейнічаць адкрыццю помніка Адама Міцкевічу ў Мінску. Гэта толькі частка спадчыны, якую нам атрымлівалася адраджаць раней. А пасля змены ўлады ў Беларусі паўстане яшчэ больш важных сумесных ініцыятыў, якія абʼядноўваюць беларусаў і палякаў як еўрапейскія народы».

ав